Чэрвеньскі рынак адкрыюць 2 красавіка
11- 28.03.2013, 11:32
Чэрвеньскі рынак на новай пляцоўцы ў менскім мікрараёне Лошыца запрацуе 2 красавіка.
Пра гэта БелТА паведамілі ў дырэкцыі рынку.
Урачыстая цэрымонія адкрыцця аб'екта намечана на 6 красавіка. Ён размешчаны на месцы былога разваротнага тралейбуснага кальца на скрыжаванні вуліцы Маякоўскага і завулка Маякоўскага (недалёка ад Лошыцкага парку).
Плошча новага рынку складае 1,7 га, тут размешчана больш за 700 павільёнаў, усе яны ўжо занятыя. У асноўным прадпрымальнікі будуць гандляваць прамысловымі таварамі, але прадугледжаныя і зоны продажу будматэрыялаў, плодаагародніннай і мяса-малочнай прадукцыі. Для рэалізацыі прадуктаў харчавання вызначаны асобны будынак. Улетку дадаткова плануецца арганізаваць сезонны гандаль гароднінай і садавінай. Што тычыцца «Чэрвеньскага пасажу», то пакуль пляцоўка пад яго не вызвалілася.
Нагадаем, Чэрвеньскі рынак у Менску зачыніўся 1 лютага. Пераезд на новую пляцоўку некалькі разоў пераносіўся.