Дыктатар ідзе ў тэатр: вакол Купалаўскага дзесяткі «тэатралаў» з рацыямі
74- 29.03.2013, 16:49
За некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця тэатра ў прылеглых кварталах поўна сілавікоў.
Карэспандэнт «Нашай Нiвы» прагуляўся каля Купалаўскага тэатра за некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця, якое павінен наведаць Аляксандр Лукашэнка з чыноўнікамі.
Першы малады чалавек з рацыяй трапіўся за «нулявым кіламетрам» на Кастрычніцкай плошчы. Па адным супрацоўніку з рацыямі стаіць у бліжэйшых да тэатра выхадаў з метро.
Участак вуліцы Карла Маркса ад амбасады Велікабрытаніі да Купалаўскага тэатра ачышчаны ад транспарту. Бліжэй да будынка тэатра на трэск рацый перастаеш звяртаць увагу - тут іх ніхто проста не хавае. З галоўнага ўваходу выглядаюць сканцэнтраваныя супрацоўнікі тэатра, адзначае журналіст.
Апошні раз Аляксандр Лукашэнка наведваў тэатр больш за дзесяць гадоў таму. Тады паказвалі «Князя Вітаўта». Разам з Лукашэнкам тэатр тады таксама наведала вялікая дэлегацыя: на архіўным здымку можна ўбачыць тагачасных міністраў культуры і абароны Гуляка і Мальцава. За спіной у Лукашэнкі сядзеў нязменны начальнік аховы Уцюрын.