28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ўвагнаў страхавальнікаў у шок

56
Лукашэнка ўвагнаў страхавальнікаў у шок

Улады імкнуцца «выжыць» з страхавога рынку апошнія прыватныя кампаніі.

Скандал на апошняй нарадзе Савета Міністраў: сямейная пара з «Беларускага народнага страхавога пенсійнага фонду» выкарыстоўвала сродкі «Беларуськалія» і «Белнафтахіма» ў асабістых інтарэсах.

Прынамсі, пра гэта паведаміў Аляксандру Лукашэнку старшыня камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон. Правадыр прыстрашыў кіраўніцтва «Беларуськалія» і «Белнафтахіма» турмой, паведамляе «Радыё Свабода».

Якабсон сцвярджае, што сярэдні заробак дырэктара Фонду (а гэта Ірына Гузоўская) за мінулы год склаў 30 мільёнаў рублёў. А атрыманыя дывідэнды на дваіх з мужам — амаль 3 мільярды рублёў.

«Тры мільярды! Адкуль такія грошы?! Яны што, калійныя ўгнаенні вырабляюць і прадаюць? Не. І бездапаможны Мінфін», — кінуў на гэта Аляксандр Лукашэнка.

Інфармацыя пра злоўжыванні ў «Беларускім народным страхавым пенсійным фондзе» выклікала сапраўдны шок у асяроддзі страхоўшчыкаў. Само кіраўніцтва Фонду ад каментароў катэгарычна адмаўляецца. Не ідзе на кантакт з прэсай і Беларуская асацыяцыя страхоўшчыкаў, а знайсці экспэртаў, якія б пракаментавалі стан страхавога рынку ў Беларусі, амаль немагчыма. Сфера гэтая занадта вузкая, і ніхто з эканамістаў, здаецца, не чакаў, што тут будуць палаць такія жарсці.

У самім Фондзе кажуць толькі: «Мы стабільная, працаздольная кампанія. Працуем на рынку ўжо 20 гадоў. Да нас ніколі не было ніякіх прэтэнзій». На пытанне, ці ўсчалі крымінальны справы супраць кіраўнікоў прадпрыемства, таксама адказваюць: не каментуем. Аднак і дырэктарка і яе намеснікі знаходзяцца на працоўных месцах.

Інфармацыі пра тое, ці вядзецца расследаванне, не мае і прэсавая служба КДК.

Шмат даведацца пра «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд» не ўдалося. Іхны сайт не працуе. Кажуць нават, што літаральна за апошнія пару месяцаў на яго адбыліся дзве магутныя хакерскія атакі.

Незалежныя экспэрты выказваюць меркаванне, што, магчыма, адбываецца перадзел страхавога рынку. Дзяржава імкнецца выціснуць з яго апошнія прыватныя кампаніі. Гэта ўскосна пацвярджаюць і словы міністра фінансаў Андрэя Харкаўца. Ён на тым паседжанні папракнуў кіраўніка «Беларуськалію» Валера Кірыенку, што яму неаднаразова прапаноўвалі перайсці на абслугоўванне ў дзяржаўнае страхавое прадпрыемства.

Фонд — адна з нешматлікіх страхавых кампаній з прыватным капіталам. Ейнымі паслугамі здаўна карыстаюцца незалежныя прафсаюзы. У тым ліку і на «Беларуськаліі».

Пункт пра добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі ўключаны ў калектыўную дамову, якую незалежныя прафсаюзы заключаюць з кіраўніцтвамі прадпрыемстваў ужо другі дзясятак гадоў. Супрацоўнік Незалежнага прафсаюзу гарнякоў з «Беларуськалію» Юры Аляксееў апавядае, як дзейнічае механізм дамовы:

«У нас у калектыўнай дамове ёсць пункт, які кажа, што наймальнік страхуе сваіх работнікаў і пераводзіць на іхнія персанальныя рахункі адзін мінімальны заробак. Яно так працавала больш за 10 гадоў. Фонд свае дамоўныя абавязкі выконваў. Ніякіх скаргаў, пакуль я працаваў, на яго не было».

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін таксама кажа, што са згаданым фондам яны працуюць ужо вельмі даўно і ніякіх нараканняў на ягоную працу не было. І сам Мікалай Зімін карыстаўся паслугамі фонду. Кажа, што калі стаў пенсіянерам, фонд выплаціў яму пад 5 мільёнаў рублёў.

«Сума, якая сабралася на рахунку, — яна ляжыць пад працэнты. Фонд імі кіруе, размяшчае ў каштоўных паперах, дэпазітах, каб грошы не знікалі. Але ж гэтыя грошы ўсё адно зазнаюць інфляцыю. Таму сумы невялікія: 5-6-7 мільёнаў. У залежнасці ад таго, хто колькі гадоў страхуецца», - распавёў Юрый Аляксееў.

А вось старшыня КДК Аляксандар Якабсон сцвярджае, што фонд размяшчае сродкі на дэпазітах у банках, а даходы з іх выкарыстоўваюць у асабістых інтарэсах акцыянеры гэтага прадпрыемства.

Фонд відавочна кампанія нябедная. Мае прадстаўніцтвы ва ўсіх абласных і некаторых прамысловых гарадах. З інтэрв’ю кіраўніцы фонду Ірыны Гузоўскай вядома, што фонд займаецца страхаваннем жыцця, дзяцей і дадатковых пенсій. А свабодныя грошы яны ўкладаюць у нерухомасць. У прыватнасці, ім належыць гатэльны комплекс у Горадні, які яны пабудавалі ў будынку былой бібліятэкі. А ў Горадні пяць гадоў таму яны выкупілі права на рэканструкцыю Летняга амфітэатру за 1 мільярд 646 мільёнаў рублёў. Цалкам верагодна, што Фонду належыць і іншая нерухомасць.

Аднак пытанне з Фондам мусіць быць вырашанае да канца сакавіка — так пажадаў Аляксандар Лукашэнка. «Вазьміце на кантроль, каб грошы гэтыя, дывідэнды, укладзеныя ў маёнткі і іншае, былі вернутыя. Да канца сакавіка ўсе пытанні вырашыць. Ня вырашыць, Кірыенку (Валер Кірыенка — кіраўнік «Беларуськалію») — у камеру. А следам — міністра», — такое даручэнне зрабіў прэзідэнт Лукашэнка старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках