8 траўня 2024, Серада, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бялыніцкага актывіста аштрафавалі за артыкул аб карупцыі

9
Бялыніцкага актывіста аштрафавалі за артыкул аб карупцыі

Суд Бялыніцкага раёна 28 лютага пакараў штрафам у памеры 50 базавых велічынь жыхара вёскі Лебядзянка Валерыя Вусіка.

Яго абвінавацілі ў паклёпе на адрас старшыні СВК «Лебядзянка» Пятра Бялова і ў распаўсюдзе незалежнай газеты «Могилёвский Выбор». Вёў судовае пасяджэнне старшыня суда Бялыніцкага раёна Уладзімір Гуз, сакратаром суда на пасяджэнні была Тамара Ігнатовіч, піша ПЦ «Вясна».

У судзе разглядаліся два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеныя ўчастковым інспектарам Сяргеем Карыткіным. Раней гэты ж суд адмовіўся іх разглядаць у сувязі з тым, што яны складзеныя з парушэннем артыкула 10.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яны былі накіраваныя на дапрацоўку ў Бялыніцкі РАУС і супрацоўнікі міліцыі «дапрацавалі» іх у патрэбным кірунку.

У самым пачатку судовага пасяджэння суддзя Уладзімір Гуз выдаліў з залы суда магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля нібыта за парушэнне парадку вядзення судовага пасяджэння пасля вынясення трох заўваг.

Таксама Бялыніцкі раённы суд не задаволіў хадайніцтва Валерыя Вусіка аб удзеле ў разглядзе адміністрацыйнага працэсу яго адваката.

Суд таксама не прыняў да ўвагі пісьмовыя сведчанні шэрагу жыхароў вёскі Лебядзянка, якія пацвярджалі, што факты парушэнняў у дзейнасці СВК, выкладзеныя ў артыкуле Валерыя Вусіка ў газеце «Могилёвский Выбор», сапраўды мелі месца.

Пры гэтым суддзя Уладзімір Гуз спасылаўся на тое, што супрацоўнікі Бялыніцкага РАУС прынялі пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да адміністрацыі СВК «Лебядзянка», так як факты, выкладзеныя ў скаргах Валерыя Вусіка, не пацвердзіліся.

Не прыняў пад увагу суд і паказанні выдаўца газеты «Могилёвский Выбор» Барыса Вырвіча, што яна выдаецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб СМІ, і можа распаўсюджвацца любым грамадзянінам без усялякіх абмежаванняў.

У выніку разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні суд Бялыніцкага раёна вынес пастанову прызнаць Валерыя Вусіка вінаватым у абодвух правапарушэннях. Суд пакараў Валерыя Вусіка штрафам у памеры 30 базавых велічынь за «паклёп» у адрас старшыні СВК «Лебядзянка» Пятра Бялова і штрафам у памеры 20 базавых велічынь за парушэнне артыкула 17 Закона аб СМІ пры распаўсюдзе газеты «Могилёвский Выбор». Па сукупнасці канчатковы памер штрафу ўстаноўлены ў памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 5 мільёнаў рублёў.

Валерый Вусік збіраецца і далей адстойваць сваю правату.

«Я атрымаўся без віны вінаватым, - кажа ён. - Суд ніколькі не прыслухаўся да маіх доказаў, але і не прыняў да ўвагі пісьмовыя сведчанні іншых людзей аб парушэннях у СВК «Лебядзянка». Буду і далей змагацца за справядлівасць, збіраюся абскардзіць рашэнне Бялыніцкага суда ў Магілёўскім абласным судзе».

Фотa: news.open.by

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках