Франак Вячорка: Войска - гэта мікрамадэль лукашэнкаўскай Беларусі
18- 11.04.2013, 13:22
Улада выкарыстоўвае дзедаўшчыну для барацьбы з непажаданымі і непадкантрольнымі людзьмі.
Такім чынам былы палітсалдат, журналіст Франак Вячорка пракаментаваў сайту charter97.org крымінальную справу салдата Акіма Бенеша за супраціў «дзядам».
«Калі ў звычайным жыцці самавольства робіцца рукамі дробных чыноўнікаў, якія адчуваюць сябе беспакарана, то ў войску гэтым займаюцца «дзяды». Падчас маёй службы ў войску, дзедаўшчына не замінала камандаванню, а толькі спрыяла яму. І калі трэба было вырашыць праблемы з непажаданымі, непадкантрольнымі і недысцыплінаванымі салдатамі, то загад аддаваўся «дзядам», якія рэпрэсавалі ці ж перавыхоўвалі непакорлівых. У турме іх аналаг называецца «назіральнік», а ў жыцці імі з'яўляюцца дробныя чыноўнікі. Калі я, будучы ў войску, пачаў весці дзённік у інтэрнэце, салдатам забаранілі са мной размаўляць, мяне публічна прыніжалі, і рабілася гэта, у першую чаргу, рукамі «дзядоў» з блаславення начальства», - лічыць былы палітсалдат.
Ён упэўнены, што не вінаватыя, а менавіта ахвяры будуць сядзець у турмах да таго часу, пакуль існуе рэжым Лукашэнкі, чаму садзейнічае адсутнасць жорсткай пазіцыі з боку Еўропы.
«Пытанне аб тым, як з гэтым змагацца з'яўляецца актуальным для ўсіх. Я думаю, што зброя ўсюды адна - гэта публічнасць і агучванне свайго пратэсту. Калі ў вайсковай частцы прыніжалі іншых салдат ці мяне, я адразу ж паведамляў пра гэта ў сваім інтэрнэт-дзённіку ці СМІ. Цяпер, калі ў Беларусі ўшчыльняюць забудову, забіраюць кватэры, а няўгодных кідаюць за краты і катуюць у засьценках КДБ, адзінае, што застаецца, гэта перадаць інфармацыю ў прэсу. Ні ў якім разе нельга адказваць гвалтам на гвалт, так як гэта дае падставу вышэйшаму камандаванню знішчыць цябе. Нельга паддавацца на правакацыі. Ты адзін, а шакалаў шмат», - падсумаваў Франак Вячорка.
Нагадаем, малады салдат Акім Бенеш паўстаў супраць дзедаўшчыны і трапіў пад следства. Ён меў шматлікія канфлікты з «дзядамі» і вырашыў ім супрацьстаяць. У выніку вайсковец ударыў свайго калегу.
Цяпер Акіму Бенешу інкрымінуецца артыкул 443 частка 1 Крымінальнага кодэкса («Парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, якія не з'яўляюцца падначаленымі»).