У Слоніме доўжацца допыты ўдзельнікаў Дня Волі
3- 22.04.2013, 18:04
У Слонімскі РАУС выклікалі і дапыталі яшчэ двух чалавек за ўдзел у Дні Волі.
Маёр міліцыі Ігар Клыбік дапытаў актывістаў Віктара Марчыка і Альберта Глінніка параіўшы ім «больш не займацца глупствам». Пісаць пісьмовыя тлумачэнні Віктар Марчык і Альберт Гліннік адмовіліся, паведамляе ПЦ «Вясна».
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Слонімскім РАУС маёр міліцыі Вадзім Шчурскі дапытваў мясцовых актывістаў АГП братоў Сяргея і Андрэя Бялько.
Выклікалі ў міліцыю паводле справы святкавання Дня Волі і пенсіянера Мікалая Барысіка (дапытваў маёр міліцыі Ігар Клыбік). Чальцы Слонімскага аб'яднання дэмакратычных сіл прыйшлі да высновы, што ўсе, хто браў удзел у Дні волі ў Менску і сфатаграфаваныя на гэтым здымку, размешчаным у інтэрнэце, выклікаюцца для «прафілактыкі» ў міліцыю.
Нагадаем, улады Слоніма забаранілі правядзенне акцыі ў горадзе ў Дзень Волі. Тым не менш, дэмакратычныя актывісты здолелі адсвяткаваць гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Акцыя прайшла пад наглядам міліцыі.