Што можна купіць на 100 даляраў цяпер і чатыры гады таму?
106- 22.04.2013, 19:42
Беларусаў некалькі гадоў вялі да 500-даляравай мары.
І, паводле афіцыйных звестак, мы яе дасягнулі. Аднак 500 даляраў учора - гэта зусім не тое, што 500 даляраў сёння. Intex-press.by параўнаў, колькі на сто даляраў можна купіць тавараў цяпер і колькі чатыры гады таму (на сайце Белстата ўдалося знайсці звесткі аб коштах з 2009 года).
За стодаляравую купюру сёння на 10 кілаграмаў мяса менш, чым у 2009. Чатыры гады таму «франкліна» яшчэ можна было абмяняць на 108 слоічкаў рыбных кансерваў. Цяпер за яго дадуць толькі 66. Страцілі сто даляраў за чатыры гады і 12 літраў гарэлкі. Менш амаль напалову сёння купім грэчкі, мяккага сыру і нават солі.
А вось за яблыкі, бульбу і локшыну болей тысяч даляраў пакуль не просяць. За чатыры гады ў далярах больш за ўсё патаннелі яблыкі - амаль на чвэрць. Сёння на сотню дадуць на некалькі дзясяткаў кіло больш, чым у 2009.
Страціла кошт стодаляравая купюра ў сталовай. Сёння замовім напалову менш абедаў, чым у 2009 годзе. Чатыры стравы ў сталовай выраслі ў цане з даляра з чвэрцю да двух.

Страты ў абноўках і падарунках
Жанчыны праз чатыры гады ў ста далярах недалічыліся блузкі, пінжака, адной пары чаравікаў, двух сукенак і плашча. Калі раней сотні хапіла б і на дэмісезонныя боцікі, і на летнія туфлікі, то сёння больш за сотню каштуюць толькі боты на вясну.
Зрабіць падарунак за сотню сёння цяжэй, чым чатыры гады таму. Залатых упрыгожванняў у ста далярах, на жаль, зменшылася - праз чатыры гады мы можам купіць у тры разы менш золата ў ювелірных вырабах. Падаражэлі і кветкі - стодаляравы букет парадзеў напалову за чатыры гады.
Страцілі паўтэлевізара
Чатыры гады таму сотні даляраў з лішкам ставала на кухонны камбайн, а сёння прыйдзецца накінуць яшчэ і дзесятку зверху. А вось мікрахвалеўка, наадварот, у далярах патаннела і сёння даступная як раз за сотню. Не месціцца ў ранейшых аб'ёмах у сотню і дробная кухонная начынне - талерак і рондлікаў сёння купім удвая менш, чым у 2009.
Ста баксаў чатыры гады хапала на ровар, а рэшты - на сумку і пальчаткі. Сёння за такі ж набор прыйдзецца аддаць ужо дзве сотні.
На сотню быў даступны ў 2009 годзе пісьмовы стол, а рэшты ставала на дыван (прынамсі, Белстат называе гэта дываном). Сёння адзін стол каштуе больш за сотню! Даляр страціў і ў запалках - удвая ў параўнанні з 2009 годам.