20 красавiка 2024, Субота, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ён не быў модным палітолагам, але ў яго былі глыбокія веды»

12
«Ён не быў модным палітолагам, але ў яго былі глыбокія веды»

На 57 годзе заўчасна пайшоў з жыцця навуковец, палітолаг, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Чарноў.

Апошнім часам ён цяжка хварэў, але да канца працягваў сваю справу. Пра сябра і калегу ўспамінаюць на «Радыё Свабода» калегі, аднапартыйцы, аднакурснікі.

З пачатку ўтварэння АГП Віктар Чарноў быў яе сябрам. Адным з ягоных найбліжэйшых паплечнікаў на працягу ўсіх мінулых гадоў заставаўся Аляксандр Дабравольскі. Для яго навіна пра смерць Віктара Чарнова стала асабістай трагедыяй:

«Аб хваробе было вядома, але нават лекары дакладна не ведалі, у чым усё ж рэч. Яму ў канцы мінулага года зрабілі аперацыю на падстраўнікавай залозе. Фактычна з тых часоў ён пачуваўся блага. Толькі ў апошні момант лекары сказалі, што, мабыць, гэта анкалогія. Прынамсі, ягонаму сыну Юрыю патлумачылі, што анкалогія на 90%. Апошнімі месяцамі ў Віктара амаль увесь час трымалася вельмі высокая тэмпература - на ўзроўні 38 градусаў. І ён то ў шпіталь трапляў, то вяртаўся дадому. І акурат калі мы праводзілі нашу партыйную школу АГП, арганізатарам і ўдзельнікам якой ён быў, яго зноў забралі ў шпіталь».

Палітолаг Сяргей Нікалюк апошнім часам шмат кантактаваў з Віктарам Чарновым, яны ў тандэме пісалі навукова-аналітычныя матэрыялы. Кажа, што Чарноў так і не здолеў пераадолець чорную палосу, у якой ён апынуўся:

«З ім было вельмі добра працаваць, гэта быў адзін з нямногіх прафесійна пісьменных палітолагаў у Беларусі. На жаль, такія людзі былі ў цэлым незапатрабаваныя. Невыпадкова, што ва ўсіх нашых супольных работ быў замежны замоўца, бо тут яны былі ў прынцыпе нікому не патрэбныя, што надзвычай сумна. Банальная фраза, але для беларускай паліталогіі гэта вялікая страта. Я з ім часта меў стасункі, бо мы былі з ім шчыльна спалучаныя з некаторымі праектамі. І ён сам казаў, што наогул пачалася чорная палоса. Жонка памерла, асабістае здароўе - год таму ён ужо ляжаў у лякарні, а напраўду гэта быў пачатак ягонай хваробы. Узніклі праблемы з жыллём - яно было арандаванае, і яго сабраліся ўжо высяляць. А каб пачаць развязваць пытанне, была патрэбная згода жыхароў на перавод жытла з уласнасці арганізацыі ў прыватную. А ў доме, дзе ён жыве, 1200 кватэр. Дык вось я ды іншыя знаёмыя, калегі хадзілі па пад'ездах, збіралі подпісы, што жыхары не супраць. Ён жа ў гэты час ужо блага чуўся і ў гэтым удзелу ўжо не прымаў. Так што насунулася ўсё адразу».

Сябар Віктара Чарнова яшчэ са студэнцкіх часоў Андрэй Вардамацкі цяпер жыве і працуе ў Польшчы. Пасябравалі яшчэ падчас навучання ў Белдзяржуніверсітэце, дзе Вардамацкі вучыўся на філасофскім факультэце, а Чарноў разам з будучай жонкай Таццянай - на гістфаку. Андрэй Вардамацкі кажа, што акурат заўчасная смерць жонкі тры гады таму ў немалой ступені падрэзала Віктара Чарнова:

«Хоць мы навучаліся на розных аддзяленнях, але заўсёды разам былі ў адных аўдыторыях, калідорах, нават на зборах вайскоўцаў былі з Віктарам. І надалей усё жыццё падтрымлівалі стасункі. Таму для мяне гэта частка жыцця. У іх сям'і была моцная, добрая, прыгожае каханне. І гэта таксама, я думаю, паўплывала. Таццяну ён заўсёды вельмі цёпла ўспамінаў. У яе была тая самая журботная хвароба, пра якую ўголас не кажуць... Разумееце, Віктар не быў, як кажуць, модным палітолагам у дарагім гладкім пінжаку, які можа выстаўляць сябе, але ён быў вельмі глыбокі ў сваіх ведах.

Да таго ж ягоная шчырасць не дазваляла яму дапасоўвацца ні да кантэкстаў афіцыйнага істэблішмэнту, дзе ёсць «правільныя» палітолагі, ні да кантэксту таго, як «слушна» паводзіцца з маркетынгавага, рэкламнага пункту гледжання апазіцыйнага разумовага працэсу. Так бывае, калі такая вось шчырасць не заўсёды прычыняецца да гучнага поспеху. Але ён прысутнічаў і абсалютна быў патрэбны такім пунктам, вяхой, часткай інтэлектуальнага грамадазнаўчага поля ў Беларусі».

Калегі Віктара Чарнова кажуць, што пры ўсіх сваіх здольнасцях і багатых ведах ён мог зрабіць добрую кар'еру і стаць публічнай асобай. Аднак Чарноў абраў іншы кірунак, нават не дапускаючы думкі аб тым, каб гандляваць сумленнем. За нязгодлівасць і вольналюбнасць яго звольнілі з шэрагу ВНУ, дзе ён выкладаў. Спачатку з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, пасля з Інстытута парламэнтарызму і прадпрымальніцтва, нарэшце - з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў мяркуе, што такім чынам сучасная сістэма прызнала Чарнова ідэалагічна «чужым»:

«Гэта мы ўжо ўспрымалі, ведаеце, як звычайную з'яву, неўнікнёнасць для тых людзей, якія спрабуюць бараніць свой пункт гледжання на развіццё грамадства, на сітуацыю ў краіне. Таму гэта як плата. І тое, што ён праз гэта прайшоў годна, выклікае толькі павагу. Пра Віктара ў мяне самыя лепшыя ўражанні засталіся. Вельмі разумны чалавек, я нават здзіўляўся. Я старэйшы за яго на дзясятак гадоў, але быў уражаны: такі малады, але ўсё так грунтоўна разумее, разбірае ў палітычных справах. І піша вельмі добра, уцямна. Самыя лепшыя ўспаміны. Але такі лёс, божа мой. Хай яму зямля будзе пухам».

Экспэртныя матэрыялы Віктара Чарнова, прысвечаныя палітычнай сітуацыі ў Беларусі, часта з'яўляліся ў замежным друку. У Беларусі ягоныя артыкулы друкаваліся ў незалежных выданнях. Адзін з апошніх архіўных запісаў на «Радыё Свабода» кранаў перспектывы беларускай эканомікі на фоне ўступу Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю:

«Нам ад гэтага лепш не будзе, я перакананы ў гэтым стоадсоткава. Я маю на ўвазе - беларускую эканоміку. Бо на практыцы гэта азначае, што ўступ у СГА Расеі надалей будзе толькі спрыяць прасоўванню расейскага капіталу ў беларускую эканоміку. Іншымі словамі, гэта вельмі выгадна Расеі, але не думаю, што тут ёсць адчувальныя перавагі для Беларусі - наадварот, узнікае небяспека далейшай капіталізацыі беларускай эканомікі расейскім капіталам. З аднаго боку, калі сюды ў Беларусь пойдзе танны імпарт, ад гэтага, вядома, могуць здабыць беларускія спажыўцы, але, з іншага боку, беларускія вытворцы шмат страцяць. Прынамсі, яны не здольныя атрымаць нейкія прэфэрэнцыі, як гэта належыць краіне - афіцыйнаму чальцу СГА. Таму я не бачу нейкіх больш-менш спрыяльных перспектыў для беларускай эканомікі пры цяперашнім папулісцкім эканамічным курсе».

Адвітанне з Віктарам Чарновым пройдзе 6 красавіка з 11 да 13 гадзін у менскім Доме рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскага, 12. Потым нябожчыка аддадуць крэмацыі.

У Віктара Чарнова ёсць родны брат, які перабраўся ў Канаду, а таксама дарослы сын Юрый, які са сваёй сям'ёй жыве ў Магілёве.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках