Датчане знялі фільм пра беларускі супраціў
3- 15.05.2013, 12:46
Героямі фільма, знятага тэлеканалам SE TV, сталі апазіцыянеры і незалежныя журналісты.
«У Беларусі вас могуць кінуць у турму за нязгоду з рэжымам Лукашэнкі. Мы здымалі фільм пра маладога актывіста і яго сям'ю. Ён, акрамя ўсяго іншага, выкарыстоўвае дзіцячыя цацкі для таго, каб ва ўсім свеце даведаліся пра апошнюю дыктатуру Еўропы», - прыводзіць словы стваральнікаў фільма сайт тэлеканала.
Героямі дакументальнай стужкі сталі актывісты апазіцыі Павел Вінаградаў і Зміцер Кавалгін, журналісты Міхаіл Янчук і Аляксандр Баразенка, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і іншыя.
У фільме паказаныя кадры з акцый апазіцыі, якія праходзілі ў Менску ў 2012 і 2013 гадах. Таксама ў ім апавядаецца пра «плюшавы дэсант» - палёт шведскага самалёта над Беларуссю, які адбыўся 4 ліпеня мінулага года.