14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая пагроза збройнаму бізнесу Лукашэнкі

58
Новая пагроза збройнаму бізнесу Лукашэнкі

У выпадку пацверджання фактаў паставак зброі Дамаску, беларускім фірмам пагражаюць новыя санкцыі ЗША.

Некалькі дзён таму стала вядома, што Камітэт па замежных справах амерыканскага Сената ўхваліў законапраект, які санкцыянуе пастаўкі зброі для часткі сірыйскай апазіцыі.

У дакуменце адзначаецца, што яны будуць тычыцца толькі тых груп паўстанцаў, якія адпавядаюць «пэўным крытэрам у сферы правоў чалавека і барацьбы з тэрарызмам».

Не менш важна тое, што законапраект таксама прадугледжвае ўвядзенне санкцый у дачыненні да асоб, заўважаных у продажы зброі і ваеннай тэхнікі рэжыму прэзідэнта Башара Асада.

Беларускія фірмы неаднаразова былі абвінавачаныя ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве з Дамаскам. Некаторыя прадпрыемствы, у прыватнасці ААТ «Тэтраэдр» дапамагалі Сірыі ў мадэрнізацыі сродкаў СПА. Таксама спецыялісты мяркуюць, што дапрацоўка 48 сірыйскіх ЗРК «Бук» у мінулым годзе была выкананая пры садзейнічанні беларускага прадпрыемства «Алеўкурп». Пра ваенную падтрымку рэжыму Асада з боку Лукашэнкі неаднаразова заяўляла сірыйская апазіцыя. У верасні мінулага года фірма «Белзнешпрамсэрвіс» была абвінавачаная Міністэрствам фінансаў ЗША ў продажы Дамаску засцерагальнікаў для авіябомбаў. Не выключана, што тэму ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва беларускага і сірыйскага ўрада закрануў і кіраўнік МЗС Турцыі Ахмед Давутаглу, які наведаў Менск у канцы сакавіка 2013 года.

Разам з тым, пазаўчора стала вядома, што Вашынгтон адмяніў уведзеныя ў 2010 годзе санкцыі супраць «Белтэхэкспарту», які раней належаў беларускаму алігарху Уладзіміру Пефціеву.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрв'ю сайту charter97.org пракаментаваў як гэтае рашэнне, так і магчымае ўвядзенне амерыканскіх санкцый у дачыненні да іншых беларускіх фірмаў, якія падазраюцца ў пастаўках зброі Дамаску.

«Беларускія ўлады вельмі эфектыўна выкарысталі тое, што ЗША з'яўляюцца прававой дзяржавай. Добра папрацавалі вопытныя юрысты. Другая прычына - гэта лабісты рэжыму Лукашэнкі, якія ёсць і ў ЗША. Магчыма, адмена санкцый звязаная з маніпуляцыямі, праведзенымі з «Белтэхэкспартам». Уладзімір Пефціеў у мінулым годзе перадаў кіраванне кампаніяй расейскаму бізнесмену. Фармальна ў выніку гэтых маніпуляцый з'явіліся матывы, з-за якіх можна было дамагацца адмены санкцый. Я б звярнуўся з пытаннем аб адмене абмежаванняў супраць «Белтэхэкспарту» да амерыканскіх заканадаўцаў, у прыватнасці, да Джона Макэйна і Крыстафера Сміта, якія выступалі за такія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Палітычны аглядальнік лічыць, што паказчыкам ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Менскам і Дамаскам з'яўляецца, у тым ліку, і ўзровень дыпламатычнай прысутнасці.

«Беларуская амбасада ў Дамаску з'яўляецца найбуйнейшай у рэгіёне. На жаль, нам невядома, ці быў скарочаны яе штат у апошні час. Калі гэтага не адбылося, значыць можна меркаваць, што працы ў яе па-ранейшаму шмат, у тым ліку - у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Пры тым, што сірыйскі амбасадар з'ехаў з Менска, а новага так і не прызначылі, беларускі - застаўся ў Дамаску.

У справаздачах міжнародных арганізацый, у тым ліку Стакгольмскага інстытута даследавання праблем міру, пастаянна фігуруе Беларусь у сувязі з пастаўкамі зброі ў Сірыю. У сувязі з тым, што ўсю зброю, якая засталася ад Савецкага Саюза ў нашай краіне, прадалі, аб'ём экспарту ў мінулым годзе паменшыўся.

У выпадку, калі гэтыя пастаўкі працягваюцца і будуць дакументальна пацверджаныя, верагоднасць пашырэння санкцый з боку ЗША вельмі вялікая. Мала таго, Еўрапейскі Звяз таксама можа пашырыць іх у дачыненні да беларускіх фірмаў, якія прадаюць зброю Дамаску», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Разам з тым, палітычны аглядальнік лічыць, што цяпер пастаўляць зброю ў Сірыю - вялікая рызыка для беларускага рэжыму. Ён прыводзіць у якасці прыкладу Расею, якая, як учора паведаміла выданне Sunday Times, адмовілася прадаваць Асаду зенітна-ракетныя комплексы С-300.

Нагадаем, у сакавіку беларускія ўлады ўстанавілі новыя правілы і парадак вызначэння і ліцэнзавання тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя для стварэння ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. Паўнамоцтвамі для вызначэння адпаведных тавараў надзелены Аператыўна-аналітычны цэнтр, а ліцэнзаванне пасрэднікаў у гандлі даверана Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту. Такім чынам, гандаль зброяй закрылі ад «выпадковых» гульцоў.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках