У Кіраве кран знёс балконы на дзевяці паверхах (Відэа)
7- 27.05.2013, 9:59
- 36,616
У расейскім абласным цэнтры адбылося падзенне вежавага крана на жылы дзевяціпавярховы панэльны дом, у якім пражываюць 250 чалавек.
У выніку, па дадзеных рэгіянальнага МНС, кран знёс балконы аднаго стаяка з першага па дзевяты паверхі. Пашкоджанні атрымалі сем машын, прыпаркаваных каля дома. На шчасце, загінулых і пацярпелых падчас інцыдэнту няма, піша NEWSru.com.
Паведамленне аб падзенні крана на дом N 188, корпус 4 паступіла да ратавальнікаў ад відавочцаў ў 17:50 па мясцовым часе. Наступствы ліквідуюць аператыўная група Галоўнага ўпраўлення МНС Кіраўскай вобласці, а таксама супрацоўнікі тэрытарыяльнай падсістэмы РСЧС.
Прычына надзвычайнага здарэння пакуль не ўстаноўленая. Па папярэдніх дадзеных, да падзення магло прывесці тое, што кран быў дрэнна замацаваны, паведамілі ў рэгіянальным МНС. Вядзецца расследаванне інцыдэнту.
Інтэрнэт-партал «Город Киров» апублікаваў відэа, на якім захаваны момант падзення крана. На роліку бачна, як страла крана абвальваецца на дом, зносячы па чарзе балконы з дзевятага па першы паверх.
Па словах відавочцаў, хуткая і спецслужбы пад'ехалі праз пяць хвілін пасля падзення. Страла шматтоннага крана ператварыла машыны, якія трапілі пад удар, «у груду бясформнага металу».
Адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў, які выклаў відэа наступстваў катастрофы, паведаміў, што інцыдэнт адбыўся падчас ураганных парываў ветру, калі на будоўлі вяліся працы.
Пра тое, што, па словах жыхароў дома, падзенне крана адбылося хутчэй за ўсё з-за моцнага ветру, паведамляецца і ў блогу ru-chp у «Жывым Журнале». «Мы знаходзіліся на кухні і пачулі гучны скрыгат. Потым у акно ўбачылі, што на суседняй будоўлі кран нахіліўся і стаў падаць прама на нас, на балкон», - распавяла жыхарка пятага паверха пацярпелага дома. Па словах жанчыны, жыхары пабеглі хавацца ў калідор. «Спачатку страла ўпала на балкон дзевятага паверха, а потым на працягу двух-трох хвілін прамяла наш балкон, а далей усе балконы дома да першага паверха», - распавяла жанчына.