Мясніковіч патрабуе «паўсюдных» зніжак
41- 27.05.2013, 12:55
- 26,105
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч раскрытыкаваў Мінгандлю за недастатковую колькасць новых гандлёвых цэнтраў і адсутнасць «паўсюдных» зніжак.
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў ад Мінгандлю, Белкаапсаюза і мясцовых органаў улады павялічыць рознічны тавараабарот, надаўшы больш увагі будаўніцтву буйных гандлёвых аб'ектаў, прыцягненню малога бізнесу ў гандаль і грамадскае харчаванне і рэкламным акцыям.
«Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паставіў задачу павялічыць аб'ёмы рознічнага тавараабароту, у тым ліку за кошт укаранення новых сучасных, прагрэсіўных формаў і метадаў гандлёвага абслугоўвання насельніцтва», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада краіны па выніках нарады па развіцці розніцы.
«Мясніковіч звярнуў увагу Мінгандлю і Белкаапсаюза на недастатковую работу па развіцці рознічнага тавараабароту», - падкрэсліваецца там.
Як тлумачыцца ў паведамленні, «Мінгандлем, Белкаапсаюзам, мясцовымі органамі ўлады не прымаюцца належныя меры па развіцці і ўдасканаленні рознічнага гандлю, будаўніцтве і адкрыцці буйных гандлёвых цэнтраў, дадатковым пашырэнні сеткі дробных аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання «крокавай» даступнасці, прыцягненні ў сферу гандлю і грамадскага харчавання суб'ектаў малога прадпрымальніцтва». «Недастатковая работа і па стымуляванні спажывецкага попыту за кошт паўсюднага прадастаўлення сніжак на тавары, правядзення рэкламных гульняў, акцый, распрадаж, мерапрыемстваў па раздачы пробных узораў тавараў і іншых рэкламных мерапрыемстваў, накіраваных на прасоўванне спажывецкіх тавараў», - адзначаецца ў паведамленні.
Там таксама звяртаецца ўвага на тое, што «на жаль, да цяперашняга часу ў гандлёвай сетцы і на рынках выкрываюцца факты парушэнняў правілаў гандлю, а таксама продажу недабраякасных тавараў з мінулымі тэрмінамі рэалізацыі».
«Прэм'ер-міністр паставіў задачу распрацаваць і зацвердзіць мерапрыемствы па істотным павелічэнні аб'ёмаў рознічнага тавараабароту, у тым ліку за кошт укаранення новых сучасных, прагрэсіўных формаў і метадаў гандлёвага абслугоўвання насельніцтва», - гаворыцца ў паведамленні.