Камітэт ААН падтрымаў наваполацкіх апазіцыянераў
3- 27.05.2013, 18:14
- 13,696
Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэнне правоў наваполацкіх актывістаў Антона Ясіновіча і Валерыя Шаўчэнкі.
У 2007 годзе наваполацкі суд пакараў Валерыя Шаўчэнку штрафам у суме 35 базавых адзінак і Антона Ясіновіча - штрафам у суме 25 базавых адзінак за нібыта парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб адклiканнi дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, піша сайт ПЦ "Вясна" .
Актывісты праводзілі ў Наваполацку шэраг пікетаў, выказваючы пратэст супраць скасавання льгот ды інфармуючы грамадзян аб наступствах прыняцця адпаведнага закона. Было сабрана тры тысячы подпісаў, і гэты зварот актывісты накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі і ў мясцовыя органы ўлады.
Супраць актывістаў была ініцыяваная адміністрацыйная справа, нібыта яны не выканалі працэдуры, патрэбныя для адклікання дэпутатаў - парушылі артыкулы 9.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Наваполацкі гарадскі суд прызнаў іх вінаватымі, Віцебскі абласны і Вярхоўны суд, у якія накіроўваліся скаргі на пастанову суда першай інстанцыі, пакінулі гэтую пастанову ў дзеянні.
Пасля гэтага Шаўчэнка і Ясіновіч звярнуліся ў КПЧ ААН. У атрыманым ад экспэртаў камітэта адказе гаворыцца, што беларускія суды пакаралі Шаўчэнку і Ясіновіча, парушыўшы ч.2 арт.19 міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з гэтым дакументам, кожны чалавек мае права на свабоду выказвання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю або ідэі.
Беларусь, ратыфікаваўшы гэты пакт, узяла на сябе адказнасць за выкананне яго палажэнняў. Таму цяпер актывістам давялося б выплаціць кампенсацыю за вынесеныя штрафы. Але невядома, ці будзе гэта зроблена, бо і ўлады, і суды ўвесь час ігнаруюць высновы і пастановы Камітэта правоў чалавека.