Прэм'ер-міністры СНД едуць у Менск: рух у цэнтры перакрыюць
8- 31.05.2013, 7:32
- 19,829
У беларускай сталіцы сёння адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД.
З-за яго правядзення ўлады перакрыюць рух у цэнтры горада.
«31 траўня будзе часткова абмежаваны праезд, а таксама прыпыненне і стаянка транспарту па вуліцах Кірава, Карла Маркса, Энгельса і Чырвонаармейская», - сказала ўчора прадстаўніца ДАІ Менгарвыканкама.
Пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД пройдзе ў «Прэзідэнт-гатэлі», пабудаваным на месцы гасцінічнага корпуса «Кастрычніцкая» побач з адміністрацыяй Лукашэнкі.
У сустрэчы прымуць удзел прэм'ер-міністры шасці дзяржаў - Беларусі, Расеі, Казахстана, Украіны, Арменіі і Таджыкістана. Дэлегацыі Узбекістана, Кыргызстана, Азербайджана ўзначаляць першыя віцэ-прэм'еры, Туркменістан будзе прадстаўлены на саміце намеснікам старшыні Кабінета міністраў. Малдову на пасяджэнні будзе прадстаўляць намеснік міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі.
Учора ў беларускую сталіцу ўжо прыбылі кіраўнікі дэлегацый Узбекістана, Малдовы, Кыргызстана, Азербайджана, Арменіі і Таджыкістана. Сёння ў Менску чакаюць віцэ-прэм'ера ўрада Туркменістана, прэм'ер-міністраў Украіны і Казахстана, а таксама старшыню ўрада Расеі, які прыляціць апошнім.
На разгляд Савета кіраўнікоў урадаў выносіцца больш 30-ці пытанняў, якія тычацца супрацоўніцтва краін Садружнасці ў эканамічнай, гуманітарнай сферах, у галіне бяспекі, адукацыі і інавацый.