Фільм па аповесці Быкава перамог на «Залатым Віцязі»
5- 31.05.2013, 12:59
- 10,559
Стужка беларускага рэжысёра Сяргея Лазніцы «У тумане» заваявала галоўны прыз XXII Міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь», які праходзіў нядаўна ў Хабараўску.
Фільм зняты паводле аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава. У мінулым годзе ён быў паказаны ў менскіх кінатэатрах.
На фестывалі беларускі кінематограф таксама быў адзначаны ўзнагародамі ў шэрагу іншых конкурсных намінацый. Так, «Залатога Віцязя» сярод дэбютных і студэнцкіх работ ганараваная карціна «Давыд-Гарадоцкія каноны» Аляксандры Шпартавай. «Срэбраным Віцязем» у раздзеле дакументальных поўнаметражных фільмаў адзначанае «Залатое вяселле» Уладзіміра Дашука. У конкурсе анімацыйных фільмаў узнагароду «Бронзавы Віцязь» атрымала беларуская стужка «Ясны сокал», створаная рэжысёрам Ірынай Кадзюковай, перадае БелТА.
Згодна з умовамі фестывалю, у кожнай з сямі яго намінацый міжнароднае журы прысуджае залатога, сярэбранага і бронзавага віцязяў, а згодна з рашэннем старшынь усіх журы лепшаму фільму любога жанру ўручаўся Гран-пры.
На гэтым кінафоруме было прадстаўлена 18 беларускіх карцін, якія ўдзельнічалі як у асноўных конкурсах, так і ў пазаконкурснай праграме.
Фільм Сяргея Лазніцы ўжо неаднаразова прымаў удзел у міжнародных кінафестывалях і займаў на іх прызавыя месцы. Яго сусветная прэм'ера адбылася вясной мінулага года ў Канах.