ЗСУ спальваюць «сухапутны мост» у Крым
1- 15.06.2026, 14:58
- 2,340
З мая нанесена каля 200 удараў па бензавозах і грузавіках.
Камандуючы сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі паабяцаў «ізаляваць Крым» у найбліжэйшай будучыні, і яго падначаленыя нарошчваюць удары па федэральнай трасе «Наварасія», якая вядзе на паўвостраў. Таксама з дапамогай беспілотнікаў сярэдняй дальнасці пераразаюцца пастаўкі ўзбраення, паліва, экіпіроўкі ў прыфрантавыя падраздзяленні. Паводле пацверджаных відэазапісаў, з мая ЗСУ нанеслі на акупаваных тэрыторыях не менш як 375 удараў па грузавіках, бензавозах і іншых транспартных сродках, піша Financial Times. Больш за палову гэтых атак, паводле слоў французскага аналітыка па адкрытых даных Клемана Молена, адбылося на трасе «Наварасія», якая ідзе ў Крым з Растова-на-Доне праз Марыупаль і Мелітопаль.
Інтэнсіўнасць бамбаванняў узрастае. Раней Молен падлічваў, што за чатыры тыдні мая на аўтамагістралі было паражана каля 125 грузавікоў. У чэрвені адной з галоўных мэтаў стаў фінальны ўчастак «сухапутнага моста» ў Крым — масты паміж Херсонскай вобласцю і паўвостравам. На спадарожнікавых здымках кампаніі Planet Labs ад 12 чэрвеня відаць, як у Чангары грузавыя аўтамабілі накіроўваюцца з аднаго з двух стацыянарных мастоў на навядзены праз раку пантонны.
На другім, большым мосце, руху няма. Рух быў спынены пасля некалькіх удараў, нанесеных за апошнія паўтара тыдня. У панядзелак, 15 мая, прызначаны Расіяй «губернатар» акупаванай Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда зноў паведаміў пра пашкоджанне двух мастоў у выніку начнога налёту дронаў і спыненне руху. Украіна хутка нарошчвае арсенал беспілотнікаў, і апошнімі месяцамі асноўную нагрузку ўзялі на сябе дроны сярэдняй дальнасці, здольныя атакаваць мэты на адлегласці да 200 км. Сярод іх — амерыканскія Hornet, якія, нягледзячы на боезапас масай усяго каля 5 кг, абсталяваныя сістэмай навядзення з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Іх пераважна выкарыстоўваюць для палявання на бензавозы і іншыя транспартныя сродкі на «Наварасіі».