Генеральны дырэктар МТЗ просіць міністра прамысловасці дапамагчы з пошукам слесараў
11- 15.06.2026, 16:42
- 1,824
На прадпрыемстве «катастрафічна не хапае работнікаў».
Новых спецыялістаў — слесараў, такароў, станочнікаў, электраманцёраў, фрэзероўшчыкаў — просяць у іншых заводаў. Адпаведны дакумент, падпісаны дырэктарам МТЗ Тарасам Мурогам, тэлеграм-каналу «Баста!» даслаў работнік прадпрыемства. Ён адрасаваны міністру прамысловасці Андрэю Кузняцову. У дакуменце пазначаныя спецыялісты, у якіх мае патрэбу завод, і іх колькасць — больш за 400.
«Я працую на МТЗ, у нас катастрафічна не хапае людзей, пастаянныя перапрацоўкі; калі адмаўляешся — пагражаюць звальненнем, — тлумачыць супрацоўнік прадпрыемства. — Некаторыя сыходзяць, але без іх становіцца толькі горш: план жа не змяняюць, могуць яго толькі павялічыць. Ужо просяць у іншых заводаў, каб тыя далі людзей, але ніхто нам іх не дае.
Хочам прыцягнуць грамадскую ўвагу, каб нешта змяніць, бо мы ўжо не ведаем, што рабіць. Звяртацца ў прафсаюз і іншыя арганізацыі баімся, бо ніхто не дапаможа, будуць толькі праблемы».
На сайце агульнарэспубліканскага банка вакансій размешчана больш за 700 заявак ад МТЗ — ад вартаўніка і дварніка да намесніка дырэктара, аднак, паводле слоў супрацоўнікаў прадпрыемства, вырашыць праблему дэфіцыту кадраў пакуль не ўдалося.
