20 траўня 2024, панядзелак, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ асудзіла новы смяротны прысуд у Беларусі

14
ПАРЕ асудзіла новы смяротны прысуд у Беларусі

Смяротны прысуд, вынесены жыхару Вілейкі, на думку дакладчыкаў ПАРЕ, аддаліць нашу краіну ад Еўропы.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў арганізацыі, распаўсюджанай прэс-службай Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Дакладчык па адмене смяротнага пакарання Марына Шустэр і дакладчык па сітуацыі ў Беларусі Андрэс Херкель выказалі глыбокую занепакоенасць у сувязі з вынесеным смяротным прысудам.

«Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая ўсё яшчэ ўжывае смяротнае пакаранне. Мы можам толькі заклікаць не здзяйсняць крок, які яшчэ больш аддаляе Беларусь ад сям'і еўрапейскіх нацый, якія адмовіліся ад гэтага жорсткага і бесчалавечнага пакарання», - гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, 12 чэрвеня стала вядома пра тое, што 23-гадоваму забойцу двух чалавек быў вынесены смяротны прысуд.

«Жыхар Вілейкі, 1990 года нараджэння, прысуджаны да выключнай меры пакарання - смяротнай кары: ён прызнаны вінаватым у здзяйсненні забойства з асаблівай жорсткасцю двух чалавек», - паведамілі ў Гродзенскім абласным судзе.

Жорсткае двайное забойства адбылося ў Гродна 5 жніўня 2012 года. Жыхар Вілейкі ў кватэры інтэрната ў Гродне забіў з рэўнасці сваю жонку і яе знаёмага гродзенца. Прычым труп апошняга злачынец расчляніў і выкінуў у смеццевы бак, а галаву забраў з сабой. З галавой у торбе яго і затрымалі праваахоўнікі ў цягніку ў Ваўкавыску.

Вядома, што малады чалавек пазнаёміўся са сваёй жонкай у Інтэрнэце, абодва цікавіліся акультызмам. Зрэшты, суд не знайшоў доказаў таго, што забойства было здзейснена з рытуальнымі мэтамі.

Падсудны быў прызнаны вінаватым па чатырох артыкулах: забойства з асаблівай жорсткасцю, здзек над целамі, крадзеж і крадзеж дакументаў. Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён.

Нагадаем, міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы патрабуюць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках