Касманаўт Аляксей Лявонаў: Гагарын загінуў з-за манеўру іншага самалёта
46- 14.06.2013, 12:20
- 63,054
Аляксей Лявонаў паведаміў журналістам, што атрымаў доступ да сакрэтных матэрыялаў камісіі, якая расследавала гібель першага касманаўта планеты.
Знішчальнік Су-15, які ўзляцеў з падмаскоўнага аэрадрома Жукоўскі і несанкцыянавана знаходзіўся ў раёне трэніровачнага палёту самалёта з экіпажам Сярогіна-Гагарына, па неасцярожнасці ва ўмовах воблачнасці здзейсніў манеўр, які прывёў да зрыву самалёта Юрыя Гагарына ў штопар, заявіў ён са спасылкай на рассакрэчаныя дадзеныя, піша РІА «Новости».
«20 гадоў я змагаўся, каб расказаць праўду пра гібель Юрыя Гагарына. У афіцыйным (заключэнні аб гібелі) напісалі, што самалёт (Гагарына) здзейсніў рэзкі манеўр, звязаны з адваротам, увайшоў у штопар і пры гэтым сутыкнуўся з Зямлёй. Экіпаж загінуў. Хлусня», - заявіў Лявонаў, выступаючы ў Зорным гарадку.
Паводле Лявонава, ён быў дапушчаны да рассакрэчаных дакументаў у камісіі, якая расследавала гібель першага касманаўта планеты.
«На самой справе ўсё было па іншаму: 27 сакавіка 1968 года падчас пілатавання самалёта (з экіпажам Сярогін-Гагарын) ў гэтым жа раёне несанкцыянавана апынуўся іншы самалёт: Су-15, які выконваў палёт з аэрадрома Жукоўскі. Пры гэтым лётчык парушыў рэжым, спусціўся да вышыні 450 метраў - а я гэта ведаю, бо размаўляў са сведкамі - на фарсажы сышоў на свой эшалон і на адлегласці 10-15 метраў у аблоках, прайшоўшы побач з Гагарыным, перавярнуў яго самалёт, Увагнаўшы у штопар, дакладней, у глыбокую спіраль на хуткасці 750 кіламетраў у гадзіну. Самалёт (Гагарына) здзейсніў паўтара вітка і на вывадзе (са штопара) сутыкнуўся з Зямлёй», - распавёў Аляксей Лявонаў (на фота).
Паводле яго слоў, гэта ўжо не версія, а сапраўдная прычына гібелі першага касманаўта планеты.
«Мае развагі пацверджаныя ўскрыццём рассакрэчанага канверта з высновай камісіі. Таямніцы ў гэтым няма, а ёсць разгільдзяйства і парушэнне рэжыму палётаў, але мяне засмучае іншае: што людзі, якія працавалі ў камісіі, у тым ліку і Каманін (Мікалай Каманін), ведалі праўду, але рабілі выгляд, што гэта не так. Я хацеў бы, каб і сям'я (Гагарына) ведала праўду пра гібель», - сказаў Лявонаў.
Касманаўт не сказаў, хто менавіта пілатаваў самалёт Су-15 і па неасцярожнасці прывёў да гібелі першага касманаўта планеты.
«Мне давалі магчымасць абвясціць пра сапраўдную прычыну пры ўмове, што я не назаву імя лётчыка, якому цяпер за 80 гадоў, і стан яго здароўя вельмі цяжкі. Я даў слова, што не назаву», - сказаў на заканчэнне ён.
Аляксей Лявонаў - першы ў гісторыі чалавецтва касманаўт, які выканаў выхад у адкрыты космас.