14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў Іране: у лідэрах прыхільнік дыялогу з Захадам

7
Выбары ў Іране: у лідэрах прыхільнік дыялогу з Захадам

Паводле першых звестак аб выніках праведзеных у пятніцу ў Іране прэзідэнцкіх выбараў, перамогу атрымлівае 64-гадовы святар Хасан Раўхані.

Ён уважаецца паводле мясцовых стандартаў за памяркоўнага ліберала, перадае BBC.

З прыкладна 2,9 мільёна, або 7,5% падлічаных бюлетэняў, за яго аддадзеныя 1,46 млн галасоў, што складае 49,87%, паведаміў міністр унутраных спраў Мастафа Махамад Наджар.

Другім ідзе мэр Тэгерана Махамад Бакара Калібаф (488 тысяч, або 16,65% галасоў).

Зрэшты, на папярэдніх выбарах, якія адбыліся ў 2009 годзе, папярэднія звесткі і вынікі экзіт-полаў таксама дакляравалі поспех апазіцыянеру Міру Хасэйну Мусаві, а потым абвясцілі пра перамогу Махмуда Ахмадзінэжада. Ягоныя супраціўнікі тлумачылі гэта масавымі фальсіфікацыямі, прыхільнікі - тым, што папярэднія звесткі прыходзілі з буйных гарадоў.

Нечаканы рэфарматар

Лібералы, як і відавочныя стаўленікі тагачаснага прэзідэнта Ахмадзінэжада, у выбарах не ўдзельнічалі. Іх адхіліла Рада вартавых канстытуцыі, якая складаецца з прадстаўнікоў духавенства i мае неабмежаванае права зняцця непажаданых кандыдатаў.

Аднак незадоўга да дня галасавання Хасан Раўхані унёс элемэнт інтрыгі ў выбары, вынік якіх яшчэ надоечы здаваўся прадказальным незалежна ад асобы пераможцы.

Ён стаў публічна выказвацца за аднаўленне дыялогу з Захадам, абяцаў вызваліць палітвязняў і крыху змякчыць цэнзуру.

Раней ён займаў розныя пасады ў парламэнце, а таксама прадстаўляў Іран на перамовах аб ядзернай праблеме, але быў адхілены ад гэтай пасады Ахмадзінэжадам.

На ягоны бок перайшлі тыя, хто хацеў галасаваць за адзінага кандыдата, звязанага з лагерам рэфарматараў - Махамада Рэзу Арэфа. Арэф зняў сваю кандыдатуру ў аўторак, як ён заявіў, на параду экс-прэзідэнта Махамада Хатамі.

Такім чынам, Раўхані заручыўся падтрымкай адразу двух палітычных цяжкавагавікоў - Хатамі і былога маршалка парламэнта Алі Акбара Хашэмі Рафсанджані, які хацеў балатавацца сам, але не быў зарэгістраваны.

Пасля зняцця з дыстанцыі Рафсанджані адукаваныя гараджане і моладзь засумняваліся, ці варта наогул ісці на выбары, але ў рэчаіснасці прыход склаў блізу 80%. Праз велізарныя чэргі на выбарчых пунктах МУС падаўжала час галасавання чатыры разы, у агульнай складанасці на пяць гадзін, так што яно скончылася толькі а 23:00 паводле мясцовага часу (18:30 паводле Грынвічу).

Абмежаваная дэмакратыя

Правам голасу ў Іране валодаюць блізка што 50 мільёнаў чалавек.

Махмуд Ахмадзінэжад у выбарах не ўдзельнічаў, бо ўжо прабыў на пасадзе два тэрміны.

За гэтыя восем гадоў у краіне пагоршылася эканамічная сітуацыя, а наступствы заходніх санкцый, накіраваных супраць іранскай ядзернай праграмы, адчуваюцца ўсё вастрэй.

Выбарны прэзідэнт Ірана займае падпарадкаванае становішча ў дачыненні да духоўнага лідэра Ісламскай рэспублікі.

Краіна-выгнанец падтрымлівае шчыльныя кантакты з афіцыйным Менскам. Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам закранае, у тым ліку, і вайсковыя пытанні. Лукашэнка ды іншыя чыноўнікі неаднаразова наведвалі Тэгеран. У лютым 2013 года беларускага правадыра зноў запрасілі ў сталіцу Ірана.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках