«Фэйсбук» і Microsoft распавялі пра запыты спецслужбаў
- 15.06.2013, 10:19
- 30,463
Найбуйнейшыя IT-кампаніі апублікавалі інфармацыю аб тым, колькі запытаў аб звестках карыстальнікаў паступае да іх ад улад.
У «Фэйсбук» паведамілі, што за другую палову 2012 года атрымалі ад розных дзяржаўных устаноў ад дзевяці да дзесяці тысяч запытаў, якія тычацца 18-19 тысяч старонакў, піша Lenta.ru.
Кампанія Microsoft паведаміла, што за той жа перыяд атрымала шэсць-сем тысяч ордэраў і запытаў ад паліцыі і службаў бяспекі, якія закранаюць 31-32 тысячы старонак.
Адзначаецца, што кампаніі выдалі гэтыя звесткі, атрымаўшы дазвол амэрыканскіх спецслужбаў.
«Фэйсбук» і Microsoft разам з іншымі найбуйнейшымі інтэрнэт-кампаніямі свету апынуліся ў цэнтры скандалу ў пачатку чэрвеня. The Washington Post напісала, што Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША і ФБР маюць наўпроставы доступ да сэрвераў гэтых кампаній і могуць сцягваць з іх усякую цікавую для іх інфармацыю пра карыстальнікаў. І «Фэйсбук», і Microsoft гэтую інфармацыю зняпраўдзілі, заявіўшы, што перадаюць уладам звесткі карыстальнікаў толькі на афіцыйныя запыты.