14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кабякоў знайшоў «узаемную паруку» у будаўніцтве

45
Кабякоў знайшоў «узаемную паруку» у будаўніцтве

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі абвінаваціў будаўнікоў у ценевай сістэме хабараў і ўзаемнай паруцы.

Адпаведныя факты ён падаў на нарадзе правадыра з рабочай групай у праблемных пытаннях будаўнічай галіны.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што будаўнічая галіна застаецца адной з найбольш схільных да карупцыйных рызык.

«У сфэры будаўніцтва існуе ценевая сістэма хабараў практычна на кожным яго этапе, а таксама ўзаемная парука», - сказаў ён.

Са слоў Кабякова, падчас праектна-даследчых работ пад будучыя аб'екты маюць месца факты атрымання гатовых грашовых сродкаў. Так, у канцы траўня 2013 года распачаты шэраг крымінальных спраў у дачыненні да групы асоб, якія праходзяць у так званай справе праектантаў.

«У матэрыялах праходзяць больш за 50 праектантаў, якія звярнуліся да паслуг так званых фінансістаў - гэта трымальнікі падстаўных фірмаў, афіцыйна названых праектнымі арганізацыямі. Усяго дзякуючы «фінансістам» у ценевае абарачэнне за 2009-2012 гады выведзена Br 18,3 млрд у выглядзе праведзеных незаконных фінансавых аперацый праз рахункі падстаўных фірмаў. Рынак праектных, каштарысных, даследчых работ усё больш скочваецца ў ценевы абсяг, а структураванне задач яго ўдзельнікаў набывае яскрава выяўленыя рысы злачынных арганізацый», - адзначыў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі.

Ён падкрэсліў, што на ўсіх этапах будаўнічага працэсу назіраецца бюракратыя. З моманту зацвярджэння акта выбару зямельнага надзела да выдачы дазволу Дзяржбуднагляду можа прайсці да двух гадоў, што негатыўна адбіваецца на сабекошце будаўніцтва, а таксама фармуе дадатковыя карупцыйныя рызыкі. На думку кіраўніка адміністрацыі правадыра, патрабуецца выключыць выпадкі дублявання функцый, залішняе ўзгадненне, перапіскі паміж структурнымі часткамі ў адным міністэрстве, і найперш усё гэта тычыцца Менгарвыканкама.

Недастатковая работа, з ягоных слоў, праводзіцца Менгарвыканкамам з прыватнымі інвестарамі, якія атрымалі ад дзяржавы прэферэнцыі, але не выконваюць узятыя на сябе абавязанні. У прыватнасці, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі выяўлены факт невыканання футбольным клубам СКВІЧ умоў, прадугледжаных адпаведным указам прэзідэнта. Футбольны клуб з 2008 да 2012 год абавязаўся рэалізаваць інвестыцыйны праект будаўніцтва шматфункцыйнага спартова-аздараўленчага цэнтра ў Менску. У якасці кампенсацыі яму былі нададзеныя льготы ў выглядзе выдачы без аўкцыёну зямельных надзелаў для будаўніцтва камэрцыйнага жылля ў Менску агульнай плошчай 60 тысяч кв.м. Футбольны клуб сацыяльны аб'ект не пабудаваў, аднак ільготы скарыстаў.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках