Google прылучыць да інтэрнэту 4 мільярды чалавек з дапамогай аэрастатаў
53- 16.06.2013, 13:39
- 64,928
Кампанія Google расчалася з рэалізацыяй фантастычнага праекта Loon.
Паводле задумы інжынераў, калі выпрабаванні пройдуць удала, то карыстальнікі будуць атрымліваць доступ у інтэрнэт з дапамогай паветраных балонаў, піша партал MacDigger.
Цяпер насельніцтва інтэрнэт-прасторы складае блізу 2,2 мільярдаў чалавек. Астатнія 4,8 мільярды жыхароў Зямлі не маюць доступу ў сеціва, і Google марыць дацягнуцца да гэтай велізарнай аўдыторыі сваімі сіламі, не чакаючы, калі да гэтага дойдуць рукі ва ўрадаў і кампаній сувязі. Паколькі існыя тэхналогіі вельмі дарагія, кампанія наважыла паспрабаваць зрэалізаваць цалкам вар'яцкую ідэю - пакрыць усю паверхню Зямлі інтэрнэтам з дапамогай некалькіх тысяч напоўненых геліем паветраных балонаў, якія б служылі вузламі глабальнай сеткі мікрахвалевых перадатчыкаў і прымачоў.
Падрыхтоўчыя работы ў праекце вяліся паўтары гады, а на гэтым тыдні першы пробны балон дыяметрам 50 метраў быў запушчаны ў стратасфэру з Паўднёвай выспы Новай Зэландыі. Аэрастат вольна лунае ў стратасферы, а апаратура сувязі сілкуецца сонечнай энэргіяй: чатырох гадзін светлавога дня дастаткова, каб насілкаваць акумулятар на дзень. Для прыймання сігналу з балона патрабуюцца спецыяльныя прымачы, а з зямлі трафік адпраўляецца ў стратасфэру праз наземныя станцыі, якія, паводле разлікаў, павінны размяшчацца прыкладна за 100 кіламетраў адна ад другой - такой гушчыні дастаткова для поўнага ахопу тэрыторыі інтэрнэт-сувяззю.
Кожны балон, паводле разлікаў інжынераў Google, здольны забяспечыць доступ да інтэрнэту на тэрыторыі, удвая большай, чым плошча Нью-Ёрка, і рэльеф мясцовасці не перашкаджае якасці сувязі.
Першым чалавекам, якія атрымаў доступ у інтэрнэт з дапамогай балона, стаў фермер і прадпрымальнік Чарльз Німо з маленькага новазэландскага мястэчка Лістана. Лістан - адзін з шматлікіх «мядзведжых кутоў», дзе пракладка оптавалакновых кабеляў не акупляецца, а спадарожнікавы інтэрнэт каштуе шалёных грошай.