Глуханямы байкер-пенсіянер з Менска аб'ехаў 142 краіны за 13 гадоў
35- 19.06.2013, 12:48
- 71,017
72-гадовы Уладзімір Ярэц пакінуў Беларусь ў 2000 годзе на матацыкле Jawa-350, а вярнуўся на мінулым тыдні на BMW-F650GS.
Памяняць жалезнага каня дапамаглі ахвяраванні і падарункі, піша БелаПАН.
Вандраваць Уладзімір Ярэц пачаў яшчэ ў 1967 годзе: на сваім матацыкле аб'ехаў усю тэрыторыю СССР, ад Беларусі да Магадана. Савецкая міліцыя не хацела даваць правы глуханямому кіроўцу. Вярнуўшыся з таго падарожжа са стосам газетных выразак, якія пацвярджаюць яго подзвіг, Уладзімір Ярэц адправіўся да мясцовых уладаў і атрымаў доўгачаканае пасведчанне.

За 13 гадоў Уладзімір пераадолеў 440 тысяч кіламетраў. Аб'ездзіўшы ўсю Еўропу, ён накіраваўся ў Марока, затым у Венесуэлу, Пуэрта-Рыка, Дамініканскую Рэспубліку, на Гаіці, Ямайку, Кубу, а затым у ЗША. У Паўночнай Амерыцы адбылася трагедыя - непадалёк ад невялікага гарадка Пеорыя (штат Ілінойс) ён урэзаўся ў грузавік. Са шматлікімі траўмамі (29 пераломаў) быў дастаўлены ў бальніцу, дзе правёў амаль год.
Усяго за плячыма байкера 142 краіны і 820 тысяч кіламетраў.
18 чэрвеня 72-гадовы Уладзімір зладзіў фотасесію і прымаў віншаванні на плошчы Якуба Коласа каля Белдзяржфілармоніі.