Саннікаў і Квасьнеўскі абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне
2- 19.06.2013, 13:30
- 15,118
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў сустрэўся з былым прэзідэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім.
Галоўныя тэмы, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, якая прайшла 18 чэрвеня ў Варшаве, - сітуацыя ў Беларусі, палітыка Польшчы і Еўразвяза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Чатыры гады таму Аляксандр Квасьнеўскі ўзначальваў групу, якая падрыхтавала даклад «Еўрапейская будучыня для Беларусі».
«Мне важна было сустрэцца з Аляксандрам Квасьнеўскім, паколькі ён абвясціў пра стварэнне руху «Еўропа плюс», які будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на выбарах у Еўрапарламент у наступным годзе. Я прасіў яго, каб тэма Беларусі прысутнічала ў кампаніі гэтага руху. Мы абмеркавалі магчымыя падыходы да стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Прэзідэнт Квасьнеўскі ў сваім дакладзе чатырохгадовай даўніны казаў пра добрыя перспектывы для Беларусі, калі будзе адбывацца яе збліжэнне з Еўрапейскім звязам. Зразумела, што пры дыктатуры гэта немагчыма, і на сённяшні дзень рэжым Лукашэнкі ўспрымаецца не толькі як жорсткая дыктатура, але і як перашкода на шляху нармальнага развіцця Беларусі.
Абмеркавалі мы таксама сітуацыю ва Украіне і яе магчымае развіццё ў сувязі з маючымі адбыцца ў 2015 годзе прэзідэнцкімі выбарамі. Аляксандр Квасьнеўскі разам з былым прэзідэнтам Еўрапарламента Пэтам Коксам з'яўляецца сустаршынёй маніторынгавай групы па Украіне.
Вядома, мы абмяркоўвалі становішча беларускіх палітвязняў і неабходнасць прынцыповай пазіцыі ўсіх палітыкаў, здольных паўплываць на сітуацыю і дамагчыся іх вызвалення. Прэзідэнт Квасьнеўскі пагадзіўся, што Еўропе неабходная стратэгія ў дачыненні да Беларусі, што палітыка разавых мер сябе не апраўдала», - паведаміў Андрэй Саннікаў.