Бабруйскіх ІП гоняць на канцэрты «На-На»
56- 19.06.2013, 16:21
- 42,467
У Бабруйску кіраўнікам прыватнага бізнесу разасланыя лісты з патрабаваннямі набыць квіткі на канцэрты фестывалю «Вянок дружбы».
Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы» пройдзе ў Бабруйску з 27 па 30 чэрвеня.
Кошты на іх вагаюцца ад 30 да 75 тысяч рублёў, піша ПЦ «Вясна».
- Нашай фірме далі заданне купіць пяць квіткоў на канцэрты, - распавядае бабруйскі прыватнік, які пажадаў не называць, па зразумелых прычынах, сваё імя. - У мяне ёсць інфармацыя, што рахункі «Бабруйск-Арэны», дзе пройдуць канцэрты, замарожаныя, што «лядовы» практычна банкрут, толькі гэта трымаецца ў сакрэце. Вось так і зарабляюць. Самыя танныя квіткі, па 30 тысяч, «лядовы» прадаў супрацоўнікам ААТ «Белшына», людзям з самымі вялікімі ў горадзе заробкамі. Гэта здаецца дзіўным. Мы ледзь урвалі, пасля доўгіх перамоваў, квіткі па 40 тысяч, так як нам настойліва прапаноўвалі набыць іх за 50 і 60 тысяч рублёў. І як гэта назваць? Хіба гэта не «прымусоўка»?
Лісты прыходзяць за подпісам начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама Аляксандра Кісялёва. Таксама ў пасланні чыноўніка паведамляецца пра «план-заданне», згодна з якім прадпрыемства або фірма павінна падпісацца на часопіс «Гермес».
У заключэнні ліста паведамляецца, што «прыватнікі» пасля набыцця квіткоў і падпіскі на часопіс павінны падаць дакументы, пацвердзіць гэта. І зрабіць гэта трэба да 20 чэрвеня, па факсе таго ж упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама.
29 чэрвеня ў СК «Бабруйск-Арэна» выступяць расейскія гурты «На-На», «Фрыстайл», «Нэнсі».
Нагадаем, тыдзень таму прадпрыемствы і арганізацыі Ганцавічаў абавязалі забяспечыць яўку на канцэрт спявачкі Ганны Шаркуновай. З просьбай аказаць садзейнічанне і пераканаць падначаленых выдаткавацца на канцэрт да кіраўнікоў звярнуўся намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Сяргей Сарока.