ФК «Дынама» салідарны з заўзятарамі: дзеянні міліцыі неправамерныя
10- 19.06.2013, 16:56
- 29,137
Генеральны дырэктар футбольнага клуба «Дынама-Менск» заявіў пра перавышэнне паўнамоцтваў міліцыяй падчас матчаў.
Пра гэта гаворыцца ў лісце, які сёння быў накіраваны старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргею Румасу. Ён падпісаны генеральным дырэктарам клуба Сяргеем Паўлюкевічам і апублікаваны на афіцыйным сайце «Дынама-Менск».
У дакуменце прыводзяцца факты перавышэння супрацоўнікамі міліцыі сваіх паўнамоцтваў, якія прывялі да сённяшняга рашэнню заўзятараў пра байкот матчу з ФК «Менск».
«15 чэрвеня 2013 года на менскім стадыёне «Трактар» адбыўся цэнтральны матч 12-га тура Чэмпіянату паміж камандамі ФК «Дынама-Менск» і ФК «БАТЭ» (Барысаў). Матчы паміж названымі камандамі традыцыйна карыстаюцца значнай глядацкай цікавасцю, у тым ліку і з боку актыўных заўзятараў, якія забяспечваюць гукавую падтрымку футбалістаў, а таксама маляўнічыя прадстаўленні з выкарыстаннем банэраў і піратэхнічных сродкаў, ствараючы належны антураж спартыўнага мерапрыемства. Аднак правядзенне вышэйзгаданага матчу было азмрочана падзеямі, якія ні ў якой меры не могуць спрыяць актыўнаму павелічэнню папулярнасці матчаў Чэмпіянату, а таксама ўзняццю яго іміджу ў цэлым. Так, пры правядзенні надгляду для допуску ў фан-сектар ФК «Дынама-Менск» прадстаўнікамі органаў унутраных спраў былі запатрабаваныя для запісу ў абавязковым парадку пашпартныя дадзеныя наведвальнікаў спартыўнага мерапрыемства. У сувязі з гэтым значная частка актыўнай групы падтрымкі нашага клуба ў знак пратэсту добраахвотна адмовілася ад наведвання стадыёна, - гаворыцца ў лісце.
Генеральны дырэктар «Дынама» адзначае, што падобныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў сталі каталізатарам да паведамлення аб байкатаванні матчу, які пройдзе 19 чэрвеня 2013 года на стадыёне «Трактар».
«Наш клуб выказвае салідарнасць з рэакцыяй сваіх адданых балельшчыкаў на істотнае абмежаванне правоў і свабод грамадзян, замацаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Асабліва адзначым, што дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не ўстаноўлена якіх-небудзь абмежаванняў у дачыненні да парадку наведвання спартыўна-масавых мерапрыемстваў, а стадыён як спартыўны аб'ект ні ў якім разе не можа разглядацца ў якасці аб'екта з правам абмежаванага доступу, дзе патрабуецца абавязковае прадстаўленне персанальных дадзеных асобы», - гаворыцца ў лісце.
Сяргей Паўлюкевіч нагадвае, што памяншэнне наведвальнасці хатніх матчаў футбольных клубаў з-за працягу або паўтарэння неправамерных дзеянняў з боку органаў унутраных спраў адмоўна адаб'ецца на іміджы ўсяго беларускага футбола. Больш за тое, дадзеная дынаміка будзе відавочна супярэчыць прынцыпу выхаду арганізацый фізічнай культуры і спорту на самаакупнасць, замацаванаму дзеючымі нарматыўнымі актамі аб падтрымцы спорту.
«Але нават не гэта з'яўляецца асноўным матывам звароту да Вас. Футбол - сацыяльная з'ява, арыентаваная ў першую чаргу на гледачоў, якія з'яўляюцца важнай і неад'емнай часткай любога спартыўнага мерапрыемства, у тым ліку матчаў Чэмпіянату. Мы ганарымся, што ў ФК «Дынама-Менск» самая шматлікая армія заўзятараў у Рэспубліцы Беларусь, але нягледзячы на гэта мы прымаем усе магчымыя меры для павелічэння іх колькасці шляхам папулярызацыі нашага клуба і футбола ў цэлым. На працягу ўсёй гісторыі клуба людзі, якія падтрымліваюць ФК «Дынама-Менск», знаходзячыся на трыбунах стадыёна, сумесна дапамагалі пераадольваць любыя цяжкасці. Таму наш клуб не можа не звярнуць увагі на сітуацыю, якая склалася, і заставацца ў баку. Пры гэтым ФК «Дынама-Менск» будзе рабіць усё, каб абараніць інтарэсы сваіх заўзятараў», - гаворыцца ў лісце гендырэктара клуба.
Нагадаем, сёння заўзятары «Дынама» заявілі пра байкот матчу з ФК «Менск».
Яны тлумачаць свае дзеянні «прадузятым стаўленнем» з боку супрацоўнікаў міліцыі і адсутнасцю нармальнай інфраструктуры на стадыёне. Афіцыйная заява фанатаў клуба размешчана на іх старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Фота: dinamo-minsk.by