Лукашэнка запатрабаваў ад Расеі новых узбраенняў
91- 5.06.2013, 12:10
- 57,518
Беларускі дыктатар зноў загаварыў пра «адзінае» войска Беларусі і Расеі.
Лукашэнка высока ацэньвае супрацоўніцтва з Расеяй у сферы абароны і бяспекі, лічачы дакладнай пастаноўку пытання пра неабходнасць паставак расейскага ўзбраення ў беларускае войска.
«Прыкладам можа служыць наша супрацоўніцтва з Расейскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы. Практычна сёння мы стварылі адзінае войска, і калі не дай Бог што - мы тут абсалютна адзіныя», - заявіў Лукашэнка, сустракаючыся ў сераду ў Менску з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета міністраў абароны дзяржаў СНД, піша «Інтэрфакс».
«Мы ведаем, што рабіць сёння, заўтра, мы нічога не баімся», - сказаў Лукашэнка. Такім чынам, працягнуў ён, «мы супрацоўнічаем ужо ні адзін дзесятак гадоў, і ніякую незалежнасць тут не страцілі».
У якасці прыкладу эфектыўнага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы кіраўнік Беларусі назваў стварэнне адзінага комплексу супрацьпаветранай абароны. «Гэта супрацоўніцтва падлягае яшчэ больш глыбокай інтэграцыі», - заявіў Лукашэнка. Ён таксама падкрэсліў, што «ў нас адзін ад аднаго няма ніякіх сакрэтаў».
«Нават калі ў нас чагосьці не хапае і нешта не атрымліваецца, а вы ведаеце, што і ў Расеі ёсць праблемы, але мы заўсёды патрабуем, каб Расея звяртала ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі», - адзначыў ён.
«Мы просім і патрабуем ад іх (Расеі - ІФ) пастаўкі новых узбраенняў, менавіта такіх, якія існуюць у войску Расеі», - сказаў Лукашэнка. «Я кажу «патрабуем», таму што гэта дае нам права як раўнапраўнаму партнёру з нашымі братамі-расейцамі дзейнічаць у адзіным ключы», - растлумачыў кіраўнік. Таму што, падкрэсліў ён, «у нас адзіная абарона, адзіная абаронная прастора».
Нагадаем, у красавіку 2013 года стала вядома, што Расея размесціць у Беларусі ваенную авіябазу. Пра гэта заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Лукашэнкам. Першае звяно знішчальнікаў прыбудзе ў нашу краіну ўжо ў гэтым годзе. Таксама было заяўлена пра тое, што Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ 4 дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.