Камунальнік разабраў чужы Mercedes на металалом
21- 5.06.2013, 12:18
- 62,424
Здаўшы аўтамабіль коштам 33 мільёны рублёў ва ўтылізацыю, супрацоўнік ЖЭСа зарабіў 600 тысяч.
Вяртаючыся дамоў па МКАД, мужчына звярнуў увагу на прыпаркаваны на ўзбочыне патрапаны аўтамабіль Mercedes. Побач размяшчаўся гаражны кааператыў, дзе ён вырашыў удакладніць інфармацыю пра ўладальніка транспартнага сродку. Там кантактнай інфармацыяй пра гаспадара аўто не валодалі, але падказалі тэлефон таго, хто мог ведаць каардынаты гаспадара. Па пададзеным нумары паведамілі, што ў машыны ёсць уладальнік, які рэдка карыстаецца гэтым аўто, паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкама.
Тым не менш, камунальнік вырашыў арганізаваць эвакуацыю аўтамабіля, пры гэтым неабходныя для гэтага ўстаноўленыя працэдуры не былі выкананыя. Затым ён прыступіў да разборкі машыны. Усе металічныя часткі былі адсартаваныя, астатнія выкінутыя. Далей прадпрымальны мужчына арганізаваў пагрузку і вываз металу ў пункт прыёму другаснай сыравіны. Выручка за Mercedes 1993 года выпуску склала 600 тысяч рублёў.
Праз некалькі дзён у міліцыю звярнуўся гаспадар машыны з заявай з нагоды знікнення свайго аўто.
У ходзе вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі крымінальнага вышуку аднавілі ўвесь ланцужок таго, што адбылося, і затрымалі супрацоўніка ЖЭСа. На дадзены момант у дачыненні да яго праводзіцца праверка. Урон, нанесены ўладальніку аўто, ацэнены ў 33 млн рублёў.
Гэта ўжо не першы выпадак самаўпраўства работнікаў камунальнай гаспадаркі ў дачыненні да аўтамабіляў менчукоў.
28 траўня па падазрэнні ў здзяйсненні крадзяжу аўтамашыны былі затрыманыя супрацоўнікі аднаго са сталічных камунальных прадпрыемстваў. Службовая дзейнасць маладых людзей была звязаная з утылізацыяй кінутага аўтатранспарту. Падчас выканання сваіх абавязкаў на паркоўцы па вуліцы Каліноўскага яны заўважылі Hyundai Elantra, які стаяў доўгі час. І хоць аўтамашына па шэрагу прыкмет не была падобная на нічыйную, адзін з калегаў прапанаваў «утылізаваць» яе, што і было зроблена. Сума шкоды склала 17,5 млн рублёў.