Узровень вады ў найбуйнейшых рэках Еўропы б'е стогадовыя рэкорды (відэа)
13- 5.06.2013, 19:18
- 47,711
Уздым узроўню вады ў Эльбе і Дунаі перасягнуў паказчыкі, зафіксаваныя падчас рэкорднай за апошнія сто гадоў паводкі ў 2002 годзе.
Ужо тыдзень Еўропа знаходзіцца ў абладзе адной з наймацнейшых за апошняе стагоддзе паводак. У той час, як у Чэхіі і Баерне яна пайшла на спад, ва ўсходняй і паўднёвай Нямеччыне сітуацыя застаецца крытычнай. Узровень вады ў рэках павысіўся больш чым на восем метраў. Цяпер вядома пра 12 загінулых, ахвярамі паводкі сталі жыхары Чэхіі, Аўстрыі, Польшчы і Нямеччыны, паведамляе ІТАР-ТАСС.
У нямецкім Дрэздэне, адміністрацыйным цэнтры Саксоніі, дзе з берагоў выйшла рака Эльба, бліжэйшымі гадзінамі чакаецца пік уздыму вады.
Яе ўзровень падвышаецца павольна, але паслядоўна, і ўжо цяпер перасягае восем метраў, тады як у звычайных варунках ён вагаецца ў межах двух. Сотні чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы, паведамляе тэлеканал Euronews.
Да месцаў меркаванага затаплення дастаўленыя тысячы мяшкоў з пяском. На дапамогу дзвюм тысячам ратавальнікаў і шасцістам паліцыянтам накіраваныя чатыры тысячы вайскоўцаў бундэсвэра. Навале супрацьстаяць і добраахвотнікі.
Узровень вады падвышаецца і ў Дунаі - другой працягласцю рацэ Еўропы, а таксама ў яго прытоках. У Вене асцерагаюцца, што вада можа ўзняцца вышэй за рэкордныя адзнакі паводкі 2002 года. Ужо цяпер падтопленыя сутарэнні дамоў.
У горадзе Карнойбург, што знаходзіцца ў пары кіламетраў на захад ад Вены, узровень вады амаль на дзесяць сантыметраў перавысіў паказчыкі, зафіксаваныя падчас рэкорднай за апошнія сто гадоў паводкі ў 2002 годзе, паведамляюць «Вести».
Сіноптыкі папярэджваюць, што ў наступны панядзелак магутная паводка пачнецца ў Будапэшце. У шэрагу раёнаў вугорскай сталіцы абвешчанае надзвычайнае становішча. Камунальныя службы нарыхтавалі мяшкі з пяском, а набярэжныя закрытыя для праходак.