Сноўдэн больш не хоча заставацца ў Расеі
28- 2.07.2013, 11:43
- 22,836
Збеглы экс-супрацоўнік амерыканскіх спецслужбаў Эдвард Сноўдэн адмовіўся ад намеру застацца ў Расеі.
Вылучаная Уладзімірам Пуціным ўмова, на якой ён мог бы «гіпатэтычна» атрымаць прытулак, выкрывальніку праслушкі не падышла, паведаміў у аўторак прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Умова складалася ў тым, каб Сноўдэн адмовіўся ад далейшай «антыамерыканскай дзейнасці», нагадаў ён.
Па словах Пяскова, амерыканец застаецца ў транзітнай зоне аэрапорта «Шарамеццева», расейскай мяжы ён не перасякаў. Прэс-сакратар у чарговы раз падкрэсліў, што спецслужбы РФ ніколі не працавалі са Сноўдэнам, і што іх агентам той не з'яўляецца, перадае NEWSru.com.
Запыт аб прадастаўленні палітычнага прытулку ад імя Сноўдэна быў прадстаўлены 30 чэрвеня. Пры гэтым ён звярнуўся не толькі да Расеі, але яшчэ да 18 краін. Калі ўлічыць, што раней ён звяртаўся да ўладаў Ісландыі і Эквадора, ад якіх атрымаў адмову, то ўсяго ў сітуацыю апынулася ўцягнутая 21 дзяржава. У МЗС РФ прашэнне Сноўдэна назвалі напярэдадні «адчайнай мерай».
Як паведамляе WikiLeaks, Сара Харысан (памочніца заснавальніка сайта Джуліяна Асанжа, які год таму атрымаў эквадорскі прытулак і хаваецца на тэрыторыі амбасады гэтай краіны ў Лондане), якая кансультуе амерыканца, увечары ў нядзелю ўласнаручна перадала дакументы ад імя Сноўдэна ў расейскі консульскі аддзел у «Шарамецьева».
На дыпламатаў РФ ускладзены абавязак перадаць запыты ў амбасады названых краін у Маскве. Некаторыя, напрыклад, Нарвегія, ужо пацвердзілі, што атрымалі паперы, іншыя, як Венесуэла, кажуць, што просьба яшчэ не паступала. Пры гэтым прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура, які знаходзіцца ў Маскве з візітам, іранічна адказаў на пытанне, ці павязе ён з сабой амерыканца: «Тое, што мы з сабой вывезем, гэта шматлікія пагадненні, якія мы падпішам з Расеяй, у прыватнасці, у нафтагазавай сферы».
WikiLeaks прыводзіць спіс дзяржаў, да якіх звярнуўся Сноўдэн. Гэта Аўстрыя, Германія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Фінляндыя, Францыя, Швейцарыя, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Індыя, Кітай. Некаторыя з іх ужо адмовілі яму.
Пасля адмовы Эдварда Сноўдэна заставацца ў Расеі яго перспектывы становяцца яшчэ больш туманнымі. На думку рэдакцыі «Независимой газеты», з пункту гледжання іміджу для дзяржавы гэта таксама непрыемная гісторыя, таму што ў ёй няма адназначна добрых рашэнняў. «Расею як быццам паклалі на вельмі вузкі ложак, і вось яна варочаецца, спрабуючы ўладкавацца ямчэй», - пішуць журналісты.
Яны тлумачаць, што выдача Сноўдэна амерыканцам будзе негатыўна ўспрынятая праваабаронцамі і значнай часткай прэсы. А калі б Масква дала яму прытулак, ніхто не ўбачыў бы ў гэтым прынцыповай, змястоўнай пазіцыі, затое напэўна ўгледзеў бы звычайны антыамерыканскі жэст.
Раней паведамлялася, што Лукашэнка можа даць прытулак былому супрацоўніку ЦРУ, які распавёў журналістам аб праграме па зборы асабістых дадзеных грамадзян. Пра гэта, у прыватнасці, заявіў першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расеі па міжнародных справах Леанід Калашнікаў. Чыноўнік не выключыў верагоднасці таго, што з Масквы былы агент ЦРУ накіруецца ў Менск.
25 чэрвеня стала вядома, што Сноўдэн пакуль не звяртаўся ў беларускі МЗС з просьбай пра палітычны прытулак.