18 траўня 2024, Субота, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Foreign Policy: Пуціну ёсць чаго баяцца

20
Foreign Policy: Пуціну ёсць чаго баяцца

Прэзідэнт Расеі апынуўся перад няпростым выбарам.

Пасадзіць харызматычнага і небяспечнага лідара апазіцыі ў турму, зрабіўшы з яго рускага Нэльсана Мандэлу, або адпусціць яго на волю, ператварыўшы яго ва Уладзіміра Леніна, гаворыцца ў артыкуле ў амерыканскім выданні Foreign Policy. У выніку, з-за дзіўнай і нязграбнай адмены рашэння, Крэмль зрабіў і тое, і іншае.

Зразумела, параўнанні з дадзенымі гістарычнымі дзеячамі – вялікае перабольшванне, прызнае аўтар артыкула, аднак менавіта такія паралелі праводзілі расейскія інтэрнэт-карыстальнікі.

Аляксей Навальны атрымаў міжнародную вядомасць пасля вулічных акцый пратэсту, якія адбыліся ўслед за фальсіфікацыямі на парламенцкіх выбарах 2011 года. Пры гэтым, у адрозненне ад іншых лідараў апазіцыі, Навальнага не пагарджаюць у народзе. Ён палкі прамоўца, і агрэсіўнасць, якая адсочваецца часам у яго выступах, наводзіць на думку пра тое, што ў яго вельмі шмат агульнага з яго заклятым ворагам - Уладзімірам Пуціным.

Часы, калі Крэмль славіўся тонкімі маніпуляцыямі апазіцыйнымі сіламі, даўно прайшлі. Пуцін і прыхільнікі жорсткай лініі са Следчага камітэта помсліва ўпеклі Навальнага за краты, раззлаваўшы яго прыхільнікаў, а затым адступіліся, праявіўшы слабасць і нерашучасць, канстатуе карэспандэнт. Яны зрабілі Навальнага пакутнікам, не прыбраўшы яго са сваёй дарогі.

«Я выразна разумею, што калі б не вы, то ні я, ні Афіцэраў не стаялі б на гэтым месцы ў бліжэйшыя 5 гадоў», - звярнуўся Навальны да сваіх прыхільнікаў, якія сустракалі яго на маскоўскім вакзале.

Аднак Крэмль працуе па-іншаму, не згаджаецца з ім Уокер, і многія схіляюцца да думкі, што сапраўдная прычына рэзкай перамены ў справе Навальнага - суперніцтва паміж Бастрыкіным і мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным, які павінен пазмагацца з Навальным за пасаду мэра сталіцы.

«Сабянін ніякі не ліберал, - падкрэслівае журналіст, - але пад яго кіраўніцтвам адбылася пэўная «хіпстэрызацыя» Масквы: малады «крэатыўны клас» - рухаючая сіла пратэстнага руху - атрымаў веладарожкі, акультураныя паркі і проста больш высокі ўзровень жыцця». Многія з гэтых маладых людзей прагаласуюць за Навальнага, але ў яго перамогу верыцца з цяжкасцю, гаворыцца ў артыкуле. Нягледзячы на тое, што ў апазіцыянера ёсць яшчэ амаль 2 месяцы, каб заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў, будзе дзіўна, калі яму ўдасца набраць больш за 20% галасоў.

Інфармаваная крыніца паведаміла газеце «Ведомости», што дзейны кіраўнік горада асабіста папрасіў Уладзіміра Пуціна выпусціць Навальнага з-пад варты. Прэс-сакратар прэзідэнта краіны Дзмітрый Пяскоў у сваёй звычайнай манеры здзіўлена ўскінуў бровы, калі яго папрасілі пракаментаваць дадзеныя чуткі. «Сцвярджаць такое - гэта значыць не ведаць, як працуе ў нас судовая ўлада», - заявіў Пяскоў. Аднак менавіта веданне таго, як працуе судовая ўлада ў Расеі, прымушае падазраваць, што ў справе не абышлося без умяшальніцтва Пуціна ці вельмі высокапастаўленых чыноўнікаў, лічыць журналіст.

«Сам Пуцін ні разу не вымавіў прозвішча «Навальны» на публіцы, аднак, калі яго памочнікі забяспечваюць яго дакладнай інфармацыяй (што само па сабе добрае пытанне), апазіцыйны лідар павінен выклікаць у яго турботы», - піша аўтар артыкула.

На яго думку, Крэмль зноў апынуўся ў бязвыйгрышнай сітуацыі. Калі Навальнага пакінуць у спакоі, ён праявіць сябе на маскоўскіх выбарах і ўмацуецца ў ролі важака апазіцыі. Калі схаваць яго назад за краты, гэта можа выклікаць яшчэ большую незадаволенасць яго прыхільнікаў.

«Цалкам магчыма, што канчатковае рашэнне аб тым, як паступіць з назойлівым блогерам, яшчэ не прынятае», - мяркуе журналіст.

Развіваючы параўнанне з Леніным, аўтар звяртае ўвагу на тое, што калі ў красавіку 1917 года той прыбыў на Фінляндскі вакзал Петраграда, ён таксама быў маргінальнай фігурай з невялікім лікам прыхільнікаў. Пры тым, што паміж двума палітыкамі больш разыходжанняў, чым падабенстваў, харызма Навальнага, яго перакананасць і бязлітасная крытыка дзеючага рэжыму прымушаюць успомніць пра правадыра сусветнай рэвалюцыі.

«У сярэднетэрміновай, калі не ў кароткатэрміновай, перспектыве Пуцін павінен быць вельмі занепакоены», - падводзіць вынік аўтар артыкула.

Фота: ІТАР-ТАСС

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках