1 траўня 2024, Серада, 22:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа шукае альтэрнатыву «Газпраму»

30
Еўропа шукае альтэрнатыву «Газпраму»

Еўрапейскія спажыўцы ўзмацняюць ціск на «Газпрам», спрабуючы змяніць нявыгадныя доўгатэрміновыя кантракты, формулу кошту і іншыя ўмовы паставак газу.

Пра гэта піша расейская «Независимая газета».

Італьянская кампанія Edison - даччынае прадпрыемства французскай Electricite de France SA - падала ў арбітражны суд пазоў на «Газпрам» з мэтай перагляду умоў доўгатэрміновага кантракту, паведаміла на днях агенцтва Bloomberg са спасылкай на матэрыялы кампаніі.

Згодна з імі, Edison хоча прывесці кантрактныя кошты ў адпаведнасць з коштамі газу на рынку. У сваю чаргу, «Газпрам» пацвердзіў падачу пазову і адзначыў, што італьянская кампанія хацела перагледзець кошты на газ з канца 2012 года.

«Мы ўпэўненыя, што ўзаемавыгаднае рашэнне будзе знойдзена за рамкамі арбітражу», - заявіла кампанія «Газпрам экспарт» у каментары агенцтва. Зрэшты, разбіральніцтва можа заняць некалькі месяцаў ці нават гадоў.

Французская энергетычная кампанія GDF Suez паведаміла 1 жніўня пра перагляд дамовы з «Газпрамам», перадае Agence France-Presse. У GDF Suez назвалі зыход перамоў c «Газпрамам» надзвычай спрыяльным, аднак пра канкрэтныя дэталі новага пагаднення нічога не паведамілі.

Верагоднае зніжэнне коштаў для GDF Suez абмяркоўвалася з пачатку лета 2013 года. У чэрвені 2013 года намеснік кіраўніка расейскай кампаніі Аляксандр Мядзведзеў заявіў, што асноўныя еўрапейскія партнёры канцэрна да канца першага паўгоддзя атрымаюць зніжку на паліва ў памеры не больш за 7 адсоткаў. Тады гаворка ішла пра перамовы «Газпрама» з GDF Suez і італьянскай Eni, піша Lenta.ru.

Між тым, у чэрвені гэтага года нямецкая кампанія RWE паведаміла, што арбітражны суд Вены пастанавіў вярнуць ёй частку плацяжоў, а таксама скарэктаваў формулу, па якой разлічваецца закупачны кошт газу. «Газпрам» будзе вяртаць сродкі на працягу трох гадоў. А сума вымалёўваецца немаленькая - каля 1 млрд. еўра.

У 2012-2013 гадах «Газпрам» ужо быў уцягнуты ў судовыя цяжбы з шэрагам еўрапейскіх краін і кампаній.

Міністр энергетыкі Літвы Яраслаў Невяровіч сёння ў эфіры радыёстанцыі Žinių radijas заявіў, што экспертныя групы завяршылі перамовы з расейскім манапалістам. Цяпер Вільня чакае ад «Газпрама» «рацыянальных коштаў» на газ, піша агенцтва Regnum.

«Націск на расейскі канцэрн з боку еўрапейскіх спажыўцоў узмацняецца, і гэта відавочны негатыў. Вядома, «Газпрам» будзе змагацца за кошты да канца, але ў выпадку падачы трэцяга або чацвёртага пазову кошты прыйдзецца зніжаць», - кажа аналітык кампаніі «Альпары» Ганна Кокарава.

Эксперты адзначаюць, што дзякуючы пастаўкам звадкаванага прыроднага газу ў Еўропу, а таксама развіццю пляцовак па гандлі энерганосьбітамі ўнутры Старога Свету, спажыўцы газу атрымалі хай і не поўную, але альтэрнатыву пастаўкам трубаправоднага газу з Расеі, а таксама коштавы арыенцір.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках