28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трубіла не дапаможа беларускім футбалістам у матчы з французамі

4
Трубіла не дапаможа беларускім футбалістам у матчы з французамі

Футбалісты зборнай Беларусі правядуць сёння заключны хатні матч адборачнага турніру чэмпіянату свету-2014.

У Гомелі беларусы сустрэнуцца з камандай Францыі (пачатак у 22.00, прамая трансляцыя на тэлеканале «Беларусь 2»), паведамляе БелТА.

Пасля нядаўняга пераможнага спарынгу з камандай Кыргызстана (3:1) са складу беларускай зборнай выбыў Віталь Трубіла, які атрымаў траўму. Зараз у распараджэнні галоўнага трэнера беларусаў Георгія Кандрацьева засталося 22 футбаліста:

брамнікі - Сяргей Верамко («Крылы Саветаў», Самара, Расея), Аляксандр Гутар («Дынама», Менск); Сяргей Чэрнік («Нёман», Гродна);

абаронцы - Алег Вераціла («Дынама», Менск), Максім Жаўнерчык («Кубань», Краснадар, Расея), Аляксандр Мартыновіч («Краснадар», Расея), Ягор Філіпенка (БАТЭ, Барысаў), Максім Бардачоў («Томь», Томск, Расея), Зміцер Верхаўцоў («Крылы Саветаў», Самара, Расея);

паўабаронцы - Станіслаў Драгун («Крылы Саветаў», Самара, Расея), Сяргей Кісляк («Рубін», Казань, Расея), Ян Цігараў («Лакаматыў», Масква, Расея), Аляксандр Валадзько, Эдгар Аляхновіч, Аляксандр Глеб (усе - БАТЭ, Барысаў), Антон Пуціла («Волга», Ніжні Ноўгарад, Расея), Павел Сітко, Сяргей Балановіч (абодва - «Шахцёр», Салігорск), Цімафей Калачоў («Растоў», Расея), Рэнан Брэсан («Аланія», Уладзікаўказ, Расея);

форварды - Сяргей Карніленка («Крылы Саветаў», Самара, Расея), Віталь Радзівонаў (БАТЭ, Барысаў).

Перад прыездам у Беларусь зборная Францыі ў Тбілісі не змагла абыграць футбалістаў Грузіі, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю - 0:0. Напярэдадні гульні з французамі настаўнік беларускай дружыны казаў, што любая каманда ў адным матчы можа перамагчы нават самага моцнага суперніка - самае галоўнае захацець гэтага, настроіцца па максімуму і згуляць на мяжы сваіх магчымасцяў. Пераможны вопыт у супрацьстаянні з французскімі футбалістамі ў беларусаў маецца - у пачатку верасня 2010-га, калі камандай кіраваў нямецкі спецыяліст Бернд Штанге, яна сенсацыйна атрымала перамогу ў Парыжы з лікам 1:0, а затым у чэрвені 2011-га ў Менску завяршыла сустрэчу ўнічыю - 1:1. Зараз у складзе беларускай каманды нямала футбалістаў, якія гулялі ў тых паядынках супраць «трохкаляровых», у прыватнасці аўтар парыжскага гола Сяргей Кісляк, галкіпер Сяргей Верамко, адзін з лідараў каманды Аляксандр Глеб, Ян Цігараў, Сяргей Карніленка, Аляксандр Мартыновіч і інш.

Судзіць матч на полі гомельскага стадыёна «Цэнтральны» будзе брыгада арбітраў з Італіі на чале з Даніэле Орсата.

У іншым сённяшнім матчы кваліфікацыйнай групы I зборная Грузіі прыме ў Тбілісі каманду Фінляндыі.

Турнірнае становішча ў групе I пасля шасці тураў: Іспанія - 14 ачкоў (розніца мячоў - 10-2), Францыя - 11 (8-4), Фінляндыя - 6 (4-6), Грузія - 5 (3-7), Беларусь - 4 (4-10).

Расклад астатніх матчаў адборачнага турніру:

11 кастрычніка - Іспанія - Беларусь

15 кастрычніка - Іспанія - Грузія, Францыя - Фінляндыя.

У фінальную стадыю ЧС-2014 ад Еўропы наўпрост выйдуць толькі пераможцы дзевяці адборачных груп, а каманды, якія занялі другія месцы (акрамя адной з горшымі паказчыкамі), 15 і 19 лістапада 2013 года правядуць стыкавыя матчы за права адправіцца на фінальны турнір сусветнага першынства, які пройдзе ў Бразіліі з 12 чэрвеня па 13 ліпеня 2014 года. У ім прымуць удзел 32 лепшыя зборныя з усіх кантынентаў планеты. Пакуль вядомыя пяць удзельнікаў фінальнай стадыі - гэта яе гаспадары пяціразовыя чэмпіёны свету футбалісты Бразіліі, а таксама зборныя Аўстраліі, Ірана, Паўднёвай Карэі і Японіі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках