28 красавiка 2024, Нядзеля, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Нельга ігнараваць жэсты Лукашэнкі ў бок Захаду

94
Уладзімір Някляеў: Нельга ігнараваць жэсты Лукашэнкі ў бок Захаду

Паэт настойвае, каб дыялог з беларускімі ўладамі працягваўся, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

Лідар кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў каментуе «Белорусскому партизану» вынікі сустрэчы дэлегатаў «Народнага рэферэндуму» з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і яго намеснікам Катажынай Пельчынска-Наленч.

- Ці ёсць вынікі сустрэчы дэлегатаў «Народнага рэферэндуму» з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім?

- Узаемаадносіны Еўразвяза з Беларуссю знаходзяцца ў стане анабіёзу, і гэты стан мы абмяркоўвалі на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і яго намеснікам Катажынай Пельчынска-Наленч.

Размова ішла пра ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам і непасрэдна паміж Польшчай і Беларуссю. У Польшчы і наогул у Еўразвязе распаўсюджанае меркаванне, што ўсе магчымыя варыянты наладжвання ўзаемаадносінаў з Беларуссю выкарыстаныя: выкарыстаная і палітыка перніка, і палітыка бізуна. Еўрапейскія, у тым ліку і польскія, палітыкі, у разгубленасці: што яшчэ можна зрабіць, калі здаецца усё перапрабавана? Я выказаў меркаванне, што паколькі не дасягнуты жаданы вынік, значыць, не ўсе варыянты выкарыстаныя, ёсць варыянт, здольны прынесці большыя плады, чым мы маем сёння.

Сёння, лічаць еўрапейцы, сітуацыя пагоршылася нават у параўнанні з 2008 годам. Мы абмяркоўвалі сумесныя дзеянні і варыянты, якія магчымыя сёння. І сумесна, здаецца, мы іх намацалі. Агульнае заключаецца ў тым, што неабходна памяняць прынцыповае стаўленне ва ўзаемаадносінах Беларусь-Еўразвяз з боку Еўразвяза, у тым ліку і Польшчы, - змяніць стаўленне настаўніка да вучня, якога варта навучыць дэмакратыі, правам чалавека, на раўнапраўнае партнёрства. З улікам таго, што адносіны Беларусі і Польшчы маюць вельмі даўнюю гісторыю: я нарадзіўся ў Крэве, дзе у 1385 годзе падпісаная Крэўская Унія, саюз паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім, асновай якога была тэрыторыя сучаснай Беларусі і насельніцтва. Так што давайце ставіцца адзін да аднаго як да раўнапраўных партнёраў, і тады, можа быць, выраўнуюцца нашы падыходы і пазіцыі. Па-мойму, такі падыход знайшоў разуменне.

Я настойваў, каб дыялог, які ні гарыць ні мокне, працягваўся, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Асабліва цяпер, калі абвастрыліся стасункі беларускага рэжыму з Расеяй, і выйсці з гэтай няпростай сітуацыі, як бы Лукашэнка ні спяваў на ўсе лады, што «я бяду рукамі развяду», будзе таксама няпроста. Лукашэнка вымушаны будзе рабіць жэсты ў бок Захаду, і ні ў якім разе нельга гэтыя жэсты ігнараваць, нягледзячы на стомленасць , нягледзячы на тое, што Еўразвяз не ведае, што рабіць. Пытайцеся ў апазіцыі - яна раскажа.

- Якую пазіцыю займае Еўразвяз адносна віленскага саміту «Усходняга партнёрства» - запрашаць Лукашэнку ці не запрашаць?

- Па дадзенай праблеме пазіцыя Еўразвяза адназначная: афіцыйны Менск можа разлічваць на запрашэнне на віленскі саміт «Усходняга партнёрства» толькі ў тым выпадку, калі будуць вызваленыя палітвязні.

Праблема ў тым, што праграма «Усходняе партнёрства" не з'яўляецца прыярытэтнай для Лукашэнкі, для яго прыярытэтам з'яўляецца праграма «Уралкалію». Але «Усходняе партнёрства» не з'яўляецца прыярытэтам сёння. З набліжэннем 2015 года ўзмоцніцца ціск Масквы з нагоды падпісання пагаднення Еўразійскага эканамічнага саюза, альбо наогул Лукашэнка застанецца адзіным падпісантам, і якое яму ой як не захочацца падпісваць! Выратаваннем для Беларусі можа стаць Еўразвяз. Пры вызначэнні стратэгіі ўзаемаадносінаў з Беларуссю Еўразвяз павінен улічваць падзеі, якія будуць у нашай краіне ў 2015 годзе: падпісанне пагаднення аб Еўразійскім эканамічным саюзе і прэзідэнцкія выбары.

- Праблема аднабаковых саступак Еўразвяза беларусам уздымаецца ўжо не першы раз. За паўгода пасля першай прапановы рэакцыі з боку ЕЗ не было. Ці ёсць шанцы, што да гэтай прапановы на Захадзе прыслухаюцца цяпер?

- Калі Менск так неахвотна ідзе насустрач з Бруселем, Еўразвяз можа зрабіць пэўныя крокі ў аднабаковым парадку. Гэтыя рашэнні могуць тычыцца таго, што цікавіць людзей у першую чаргу, скажам , візавы рэжым. Я казаў, што бачу магчымасці не толькі ў спрашчэнні візавага рэжыму, калі не ў адмене платы за візы цалкам, то хоць змяншэння платы за візы напалову: з 60 еўра да 30. Польшча падтрымлівае такі падыход, нават больш - выступае за поўную адмену візавых збораў. Але ў Еўразвязе існуе праблема Францыі з праблемай мігрантаў з Паўночнай Афрыкі, ёсць пэўныя палітычныя праблемы, якія пераадольныя.

Беларусы павінны адчуць, што Еўразвяз практычна зацікаўлены з Беларуссю. Адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю выклікаюць у мяне асацыяцыю: чалавек, які прываджвае зайца морквай на адлегласці: падойдзеш - атрымаеш. Заяц не такі дурань, чакае, пакуль чалавек не пакладзе моркву і не адыйдзе на бяспечную адлегласць.

Калі палякі прагматыкі, чаму беларусы не павінны быць прагматыкамі? Беларусы ведаюць, што яны могуць атрымаць ад Расеі за далучэнне да Еўразійскага эканамічнага саюза: прэферэнцыі на нафту, на газ, расейскія крэдыты. А што беларусы маюць ад Еўразвяза? Калі Еўразвяз зробіць аднабаковы крок насустрач беларусам з візамі - крок мацней цяжка сабе і прыдумаць у існуючай сітуацыі.

- Польшча хацела б бачыць адзінства ў шэрагах беларускай апазіцыі. Але яго не відаць: менавіта 9 верасня, калі прадстаўнікі «Народнага рэферэндуму» сустракаліся з Радаславам Сікорскім, абвешчана пра стварэнне новай апазіцыйнай кааліцыі «За справядлівыя выбары для лепшага жыцця». Цалкам выпадкова...

- Гэта старая песня - адзінства беларускай апазіцыі. Я не бачу непераадольнай канфліктнай сітуацыі ўнутры беларускай апазіцыі. Мы можам цалкам спакойна працаваць разам, нават у разрозненых кааліцыях, якія цяпер фармуюцца: «Народны рэферэндум» і «За справядлівыя выбары для лепшага жыцця». Стратэгічныя мэты ў нас адны і тыя: мы таксама выступаем за справядлівыя свабодныя выбары! Было б добра, калі б спадар міністр пасля сустрэчы з намі запрасіў кааліцыю «За справядлівыя выбары для лепшага жыцця», і абмеркаваў з імі ўсе актуальныя пытанні, у тым ліку і сумеснае наша супрацоўніцтва. Кампанію «За справядлівыя выбары» можна спакойна праводзіць у рамках «Народнага рэферэндуму» - не бачу ніякіх праблем для супрацоўніцтва. Сітуацыя ў апазіцыі выглядае не так страшна, як чорт гэта малюе.

- А ці не спрабаваў «Народны рэферэндум» наладзіць супрацоўніцтва з кампаніяй «За справядлівыя выбары для лепшага жыцця» без міжнародных пасярэднікаў?

- Пакуль ёсць толькі праект кааліцыі «За справядлівыя выбары для лепшага жыцця», ён яшчэ не рэалізаваны. Як наладжваць супрацоўніцтва з праектам, якога яшчэ не існуе? Але калі мы пачалі праграму «Народны рэферэндум», мы аб'явілі, што адкрытыя для ўсіх. Гэта рэальная праграма.

Дарэчы, і ў Польшчы, і ў Бруселі зразумелі, што «Народны рэферэндум» - рэальная праграма, у якой апазіцыя можа дзейнічаць; не проста прапагандаваць свабодныя выбары, а дзейнічаць.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках