28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі экспэрт: Масква не выдасць Беларусі Керымава

16
Расейскі экспэрт: Масква не выдасць Беларусі Керымава

Беларускім уладам не варта разлічваць на арышт і выдачу расейскімі праваахоўнымі органамі акцыянера «Уралкалія».

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў намеснік галоўнага рэдактара расейскага часопіса «Эксперт» Павел Быкаў, каментуючы патрабаванне кіраўніка МУС Беларусі аб выдачы Масквой Сулеймана Керымава.

«Расея не выдае сваіх грамадзян іншым дзяржавам на падставе нейкіх заяваў. Гэта абсалютна нармальная практыка. Таму ў гэтым выпадку зварот аб выдачы некарэктны. Так, у нас «саюзная дзяржава», але існуюць пэўныя працэдуры ў рэгуляванні такіх пытанняў. У адваротным выпадку ўзнікае калізія, звязаная з інтарэсамі дзвюх краін», - адзначыў журналіст.

Ён дадаў, што калі і ёсць нейкая справа, то яна даводзіцца да стадыі высоўвання абвінавачвання і перадаецца праваахоўным органам іншай дзяржавы, якая, у сваю чаргу, даводзіць яе да суда.

«Таму няправільна сцвярджаць, што на падставе простай заявы расейскія праваахоўныя органы павінны арыштаваць Керымава і праводзіць супраць яго следчыя дзеянні. Былі прэцэдэнты, калі Расея выдавала сваіх грамадзян на суд. У ЗША судзілі расейскіх хакераў, якія ўчынілі злачынства супраць інтарэсаў Амерыкі. Але пры гэтым былі праведзеныя ўсе следчыя дзеянні і пададзеныя ўсе неабходныя дакументы. А тут сітуацыя значна складанейшая. Адбылося перапляценне інтарэсаў дзвюх кампаній, і разлічваць на тое, што Расея арыштуе Керымава, не варта», - мяркуе Павел Быкаў.

Нагадаем, Кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч запатрабаваў выдачы расейскага алігарха і акцыянера «Уралкалія» Сулеймана Керымава з мэтай прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках