Кіраўнікоў МЗС ЕЗ заклікалі байкатаваць Алімпіяду ў Сочы
16- 19.09.2013, 17:52
- 22,513
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі звярнуўся да міністраў еўрапейскіх краін.
Ён заклікаў іх далучыцца да палітычнага байкоту Алімпіяды ў Сочы.
У сваім лісце да лідараў ЕЗ Марэк Мігальскі звярнуў увагу на частыя выпадкі парушэнняў правоў чалавека ў Расеі: сітуацыю палітычнага зняволенага Міхаіла Хадаркоўскага, крымінальныя справы, якія ўлады масава ўзбуджаюць супраць лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага, палітычна матываваную «Балотную справу» і ператрусы ў офісах няўрадавых арганізацый. Мігальскі так жа падкрэсліў, што Уладзімір Пуцін паступова абмяжоўвае грамадзянам Расеі права на свабоду сходаў і слова.
Еўрадэпутат лічыць, што палітыкі Еўрапейскага звяза павінны змагацца за захаванне грамадзянскіх і палітычных свабодаў, а таксама заклікаў міністраў далучыцца да акцыі і, тым самым, падтрымаць намаганні міжнароднай супольнасці і расейскай апазіцыі ў барацьбе за аднаўленне дэмакратыі ў Расеі.
Тыдзень таму Марэк Мігальскі пачаў кампанію па палітычнаму байкоту Алімпіяды ў Сочы - «Olympic Shames». Былі створаныя адмысловы сайт акцыі, а таксама петыцыя на глабальнай платформе Change.org.
Да акцыі далучыліся ўжо прадстаўнікі расейскай апазіцыі: Барыс Нямцоў і Уладзімір Кара-Мурза, сын Міхаіла Хадаркоўскага і прэзідэнт Інстытута Сучаснай Расеі, Павел Хадаркоўскі, праваабаронца Леў Панамароў, а таксама савецкія дысыдэнты: Уладзімір Букоўскі і Ірына Грыўніна.