3 траўня 2024, Пятніца, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Гарадзеншчыне налічылі 14 тысяч «дармаедаў»

10
На Гарадзеншчыне налічылі 14 тысяч «дармаедаў»

Узровень занятасці ў Гарадзенскай вобласці - 77,7%.

Тым не менш, колькасць незанятых жыхароў у працаздольным узросце ў 2013 годзе склала 142 400 чалавек, але не ўсе гэтыя людзі - «дармаеды», піша «Гарадзенская праўда».

Каго ўважаюць і каго не ўважаюць за «дармаеда»? Як прымусіць да працы тых, хто не аплачвае камунальныя паслугі, не плаціць аліментаў, запазычанасці і пры гэтым не працуе? Як далучыць да легальнай працы тых, хто займаецца бізнэсам паводле шэрых схем?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі сустрэчы за «круглым сталом» у «Гарадзенскай праўдзе», якая адбылася на ініцыятыву пракурора вобласці Віктара Марозава. У ёй бралі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, пракурор вобласці Віктар Марозаў, намеснік начальніка УУС аблвыканкама - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Уладзімір Сацюк, намеснік начальніка ІМПЗ па Гарадзенскай вобласці Анатоль Якімчук, начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта працы, занятасцi i сацыяльнай абароны аблвыканкама Аляксандр Собаль.

«Праблема незанятасці працаздольнага насельніцтва ў эканоміцы існуе, - заявіў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч. - На Гарадзеншчыне ў тым ліку. Хоць узровень занятасці насельніцтва ў нас у рэгіёне вышэйшы за сярэднерэспубліканскі па краіне: 77,7 адсотка да 75,9 адсотка. Тым не менш колькасць незанятых жыхароў Гарадзеншчыны ў працаздольным узросце ў 2013 годзе склала 142,4 тысячы чалавек. Сёння мы сістэмна працуем над тым, каб яго мінімізаваць».

Ён падкрэсліў, што далёка не ўсе гэтыя людзі дармаеды. Блізу 61 адсотка з ліку незанятых, 86,6 тысячы чалавек - гэта тыя, хто знаходзіцца ў адпачынку па цяжарнасці і родах, па доглядзе за дзіцем да трохгадовага ўзросту, навучаецца ва ўстановах адукацыі, даглядае iнвалiда або пажылога чалавека старэйшага за восемдзесят год. Яшчэ 20,5 тысячы - тыя, хто знаходзіцца ў пошуку працы.

«Але 14,4 тысячы грамадзян сёння не працуюць і не шукаюць працу, - заявіў чыноўнік. - Менавіта яны павінны апынуцца ў зоне асабліва пільнай увагі улады. На даручэнне старшыні аблвыканкама Уладзіміра Васільевіча Краўцова цяпер фармуюцца спісы грамадзян, якія маюць запазычанасці па аплаце камунальных паслуг, аліментаў, запазычанасці, якія немагчыма спагнаць. Рыхтуецца абследаванне ўмоў іх пражывання з удзелам прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, МНС, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання. Усе гэтыя грамадзяне будуць запрошаныя на паседжанні саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, дзе будуць высвятляць прычыны незанятасці і планаваць меры ў працаўладкаванні з удзелам работнікаў службы занятасці.

Аднак трэба мець на ўвазе, што не ўсе незанятыя грамадзяне на самай справе не працуюць. Маю на ўвазе тых, хто не працаўладкаваныя афіцыйна, аднак мае даходы. І часцяком, немалыя. Гэта нелегальныя таксі, гаражныя аўтасэрвісы, паслугі па рамонце і здачы ў наём жылля, а таксама незаконны прыгранічны гандаль алкаголем, палівам, тытунёвымі вырабамі, выезд на працу за мяжу без рэгістрацыі ў органах грамадзянства і міграцыі.

Наша мэта - выявіць такія выпадкі і стварыць умовы для ўключэння гэтых людзей у легальную працоўную, прадпрымальніцкую дзейнасць. Актыўна ўдзельнічаць у гэтым павінны падатковая служба, УУС, мытныя і памежныя органы».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках