Крымскія татары просяць Кіеў аб статусе «карэннага народа»
18- 17.03.2014, 20:16
- 23,799
Меджліс чакае ад украінскай улады прызнання за крымскімі татарамі статусу карэннага народа паўвыспы.
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на намесніка старшыні Меджліса крымска-татарскага народа Нарыман Джэляла.
«Мы ведаем, што расейская ўлада рыхтуе анэксію Крыму. Таму мы звярнуліся ў парламент Украіны з заклікам прызнаць статус карэннага народа за крымскімі татарамі і неадкладна забяспечыць свабоднае волевыяўленне крымскіх татараў», - адзначыў Джэлял.
Ён дадаў, што формай забеспячэння правоў крымска-татарскага народа на самавызначэнне можа стаць усеўкраінскі рэферэндум. Са слоў намесніка старшыні Меджліса, нягледзячы на тое, якім будзе далейшае развіццё падзей у Крыме, такая пастанова забяспечыць прысутнасць украінскай дзяржаўнасці на Крымскім паўвостраве.
«Крымскія татары з'яўляюцца паслядоўнымі абаронцамі суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, таму мы звярнуліся ва ўкраінскі парламент, да ўкраінскага народа даць нам магчымасць умацаваць свой статус, статус карэннага народа, прызнаць гэты статус ва Украіне пастановай Вярхоўнай Рады Украіны, - падкрэсліў Джэлял. - Для таго каб мы, умацаваўшыся, маглі бараніць украінскую дзяржаўнасць, украінскі суверэнітэт у Крыме».
Нагадаем, Меджліс баіцца за бяспеку татараў пасля сепаратысцкага «рэферэндуму» ў Крыме.