Пракуратура высветліла асобы сепаратыстаў у Данецку
6- 7.04.2014, 16:56
- 22,217
Праваахоўныя органы ўстанавілі асобы сепаратыстаў, якія бралі ўдзел у захопе адміністрацыйных будынкаў у Данецку.
Пра гэта заявіў пракурор Данецкай вобласці Мікалай Франтоўскі, паведамляе прэс-служба пракуратуры.
"На цяперашні час праваахоўнымі органамі ўстаноўленыя асобы, якія бралі ўдзел у масавых хваляваннях. Прымаюцца ўсе неабходныя меры для затрымання парушальнікаў", - заявіў ён.
"Дзеянням усіх без выключэнняў удзельнікаў падзей будзе дадзеная прынцыповая прававая ацэнка", - дадаў Франтоўскі.
"Падкрэсліваю, што фіксуецца кожны факт парушэння закона і следчымі вывучаюцца ўсе супрацьпраўныя дзеянні сепаратыстаў", - падкрэсліў ён.
"Органамі міліцыі рэгіёну і Упраўленнем Службы Бяспекі ў Данецкай вобласці праводзіцца вычарпальны шэраг следча-аператыўных мерапрыемстваў у рамках расследавання падзей, якія мелі месца ў апошнія дні", - дадаў ён.
"Гэта - крымінальныя злачынствы. Хто б не здзяйсняў і каардынаваў гэтыя дзеянні - парушальнікі будуць адказваць згодна з заканадаўствам", - падкрэсліў пракурор.
Як вядома, за два мінулых дня ў Данецкай вобласці групы агрэсіўна настроеных сепаратыстаў захапілі адміністрацыйныя будынкі Данецкай аблдзяржадміністрацыі і ўпраўлення Службы Бяспекі.