Пётр Парашэнка: Пагадненне з ЕЗ павінна быць падпісана адразу пасля інаўгурацыі
2- 28.05.2014, 21:36
- 13,191
Імплементацыя Пагаднення дала б магчымасць увядзення антыкарупцыйных мер і пакета рэформаў ужо ў бліжэйшыя тэрміны.
Пётр Парашэнка мяркуе, што нельга марудзіць з падпісаннем эканамічнай часткі Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Звязам. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-службу палітыка.
У прыватнасці ў прэс-службе адзначылі, што на думку Парашэнкі, такое падпісанне магло б адбыцца адразу ж пасля інаўгурацыі новага прэзідэнта Украіны.
"Падпісанне і ўвядзенне ў дзеянне Пагаднення, якое па сутнасці з'яўляецца часткай плана мадэрнізацыі Украіны, і яго імплементацыя падалі б магчымасць увядзення антыкарупцыйных мер і пакета рэформаў ужо ў бліжэйшыя тэрміны. Народ Украіны, які падтрымаў праеўрапейскую праграму кандыдата на пасаду прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, не можа чакаць, таму дзеянні ўлады сёння павінны быць максімальна актыўнымі", - цытуе Парашэнку ягоная прэс-служба.
Парашэнка выказаў надзею, што Еўрапейскі Звяз і ягоныя лідары, якія паслядоўна падтрымлівалі еўрапейскі выбар украінскіх грамадзян і дэкларавалі гатоўнасць заканчэння падпісання Пагаднення аб асацыяцыі адразу ж пасля выбараў прэзідэнта Украіны, таксама падтрымаюць гэтую пазіцыю.