27 красавiка 2024, Субота, 4:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падчас Чэмпіянату свету ў Менску арыштавалі 300 апазіцыянераў

26
Падчас Чэмпіянату свету ў Менску арыштавалі 300 апазіцыянераў

Пра большасць вязняў не было вядома праваабаронцам.

Андрэй Ткачоў, 28-гадовы інструктар па фітнэсу і івэнт-мэнэджэр, распавёў у сваім блогу пра тое, як ён адбыў 15 сутак у турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

7 траўня яго запрасілі на прафілактычную размову ў РУУС, якая скончылася арыштам па фальсіфікаваным абвінавачванні ў «хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі».

«Ні для каго не сакрэт, што існуе спіс, так званых «нядобранадзейных» грамадзян РБ, якія не-не ды і смеюць выказваць свой пункт гледжання, а некаторыя яшчэ і набіраюцца нахабства прыходзіць на афіцыйна дазволеныя мітынгі і шэсці. Будзь на тое воля некаторых недалёкіх але выканаўчых сілавікоў, знаходжанне ў гэтых спісах прыраўнялася б да дзяржаўнай здрады і каралася б дваццаццю гадамі расстрэлу. Як вы ўжо напэўна здагадаліся, я займаю не апошняе месца ў гэтым спісе», - піша ён.

Андрэй Ткачоў адзначыў, што ўзровень прынятых мер бяспекі да чэмпіянату быў беспрэцэдэнтным. Сілавікоў сцягнулі з усёй рэспублікі, задзейнічалі ўвесь асабісты склад, аж да курсантаў Акадэміі МУС.

«Ці варта казаць, што маштаб рэпрэсій супраць іншадумцаў і «нядобранадзейных» быў падобны на правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі. Людзей высочвалі на вуліцах, чакалі каля пад'ездаў, урываліся ў дамы і забіралі проста з працы. Бяздушны і адпрацаваны механізм у дзеянні. Пстрыкаюць кайданкі, пыхкаюць над пратаколамі мянты і бахаюць жалезныя дзверы камер.

Абуральныя парушэнні правоў чалавека, фальсіфікацыі пратаколаў, адкрытыя выкраданні актывістаў, катаванні і здзекі - вось ён, зваротны бок таго чэмпіянату, пра які так захоплена трубяць усё і ўся. І калі вы лічыце, што пад каток рэпрэсій трапілі толькі апазіцыянеры і людзі бывалыя, то гэта жорсткі зман . За травень месяц па маіх самых сціплых падліках колькасць палітычных «сутачнікаў» склала не менш за 300 чалавек», - піша Андрэй Ткачоў.

Ён падкрэслівае, што ў СМІ трапіла інфармацыя толькі пра некалькі дзесяткаў затрыманых.

«У 80% з іх не было адвакатаў, пра іх не ведалі нават праваабаронцы, таму што гэта ў большасці сваёй былі абсалютна выпадковыя людзі, а не дасведчаныя «сядзельцы». І гэта не ўлічваючы сотняў і сотняў чалавек прымусова накіраваных у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый), татальнай зачысткі Менска ад «асацыяльных элементаў», папросту бамжоў, прастытутак, алкаголікаў і г.д. і да т.п. з вывазам гэтых за 101-ы кіламетр або пасадкай на суткі.

Можна сказаць, што паралельна з чэмпіянатам свету па хакеі, у Менску праходзіў чэмпіянат РБ па рэпрэсіях у дачыненні да сваіх грамадзян», - піша Андрэй Ткачоў.

Ён распавёў пра тое, як прайшоў яго арышт. Актывіст падкрэслівае, што пасля 2012 года не займаўся палітычнай дзейнасцю.

«Для мяне ўсё пачалося досыць тыпова - з прыходу па маю душу да мяне дадому. Добра, што на месцы мяне не аказалася і аператыўнікі крымінальнага вышуку (а менавіта на іх паў цяжар палітычнага вышуку) сышлі дадому, каб на наступны дзень узрадавацца, бо я здзейсніў неверагоднае, як я цяпер і зразумеў, глупства - прыйшоў сам.

Так-так, вы не недачулі, я сам, добраахвотна і без прымусаў з'явіўся ў апорны пункт як толькі даведаўся пра няпрошаных візіцёраў. На той момант, мне здавалася што цікавасць да мяне праяўляюць хутчэй па старой памяці, дзякуючы маім эпічным арыштам 2011-2012 гадоў, калі я быў адміністратарам пратэстных суполак «Вконтакте». Тады гэта было хоць неяк абгрунтавана маёй бурнай дзейнасцю і праходзіла куды весялей - з выломліваннем дзвярэй, групамі захопу, допытамі КДБ і канфіскацыяй кампутарнай тэхнікі і тэлефонаў», - піша ён.

Андрэй Ткачоў распавёў, што пасля адбыцця 15 сутак арышту з турмы на вуліцы Акрэсціна яго вывезлі назад у РУУС і пагражалі дадаць новы тэрмін. Адзначым, што многія актывісты адразу пасля выхаду на волю таксама былі арыштаваныя.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках