Лукашэнка: Пакуль трываем, але пенсійны ўзрост будзе падвышацца
121- 24.06.2014, 14:57
- 78,211
Рана ці позна пенсійны ўзрост у Беларусі давядзецца падвысіць.
Пра гэта 24 чэрвеня ў Барысаве заявіў Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў абароннага сектара, піша БелТА.
«Людзі не хочуць падвышэння пенсійнага ўзросту. Я не магу сёння ісці ўпоперак волі людзей. Але, вядома, калі сітуацыя ўскладніцца, і я як эканаміст буду бачыць, што гэта для краіны дрэнна, тады я проста вам скажу: у два або ў тры заходы, але давайце на 5 гадоў пенсіі адцягваць. Але пакуль мы такое пытанне перад сабой не ставім і такую праблему такім чынам развязваць не збіраемся. Пакуль трываем. Але вельмі цяжка. Калі мы будзем ісці да гэтага, я вам абавязкова сумленна і шчыра скажу», - заявіў ён.
Пры гэтым дыктатар не выключыў магчымасці падвышэння пенсійнага ўзросту ў будучыні, патлумачыўшы праблему змяненнем суадносін колькасці працоўных да ліку пенсіянераў. «Таму мы вымушаныя трымаць і невысокую пенсію», - адзначыў Лукашэнка.
«Не ведаю калі, але думаю, што будзе падвышацца пенсійны ўзрост, таму што, напэўна, мы адныя засталіся, дзе пенсійны ўзрост - 55 і 60 гадоў», - падкрэсліў ён.
«У нас жанчыны нараджаць не хочуць. Калі ў кожнай сям'і будзе трое дзяцей, мы развяжам усе праблемы», - дадаў Лукашэнка.
«Нам працоўныя рукі патрэбныя»
У яго таксама пацікавіліся, ці ёсць ахвотныя пераехаць у Беларусь з Украіны і ці ёсць магчымасць іх працаўладкаваць. «Такія людзі ёсць, ахвотных вельмі шмат. Мы адразу ж даручылі амбасадзе складаць такія спісы, каб гэта было не хаатычна, як часам адбываецца цяпер у Расеі (там ёсць ужо вялізныя праблемы ў лагерах перасяленцаў і ўцекачоў). Таму закрыцца мы ад іх не можам і не павінны: людзі пакутуюць», - падкрэсліў ён.
«Мы гатовыя прымаць такіх людзей арганізавана. Нам працоўныя рукі патрэбныя. І мы гатовыя іх размяшчаць у розных частках нашай краіны, даць ім дах над галавой і месца працы», - дадаў Лукашэнка.
«Хто перашкаджае жыць - літасці не будзе»
Лукашэнка таксама заявіў, што не злітуецца з тых, «хто перашкаджае нам жыць».
Правадыр падкрэсліў велізарную важнасць таго факту, што людзі ў Беларусі могуць спакойна і без страху адпусціць дзяцей на вуліцу: «У нашым свеце гэта ўжо найвялікшае дасягненне. Гэта самае галоўнае, і нам гэта нельга страціць».
«Літасці нікому не будзе, ні жулікам, ні злодзеям, ні тым, хто перашкаджае нам жыць. Таму давайце разам захоўваць гэтую стабільнасць. Што ад мяне залежыць, я не проста імкнуся, я гэта раблю разам з мужыкамі, якія стаяць у мяне за спіной. Для таго мы і ёсць у дзяржаве, каб абараніць нашыя сем'і», - рэзюмаваў Лукашэнка.