Беларусы не прынеслі кветкі да амбасады РФ
73- 16.07.2014, 15:37
- 29,545
Да амбасады Расеі ў Менску ніхто не прыносіць кветкі і свечкі ў сувязі з трагедыяй у маскоўскім метро.
Пра гэта паведаміў БелаПАН дарадца пасольства Уладзімір Марчукоў.
«Не, нічога няма ля амбасады», - сказаў ён.
Варта адзначыць, што да расейскай амбасады ў Кіеве, нягледзячы на напружаныя стасункі паміж Расеяй ды Украінай, кіяне яшчэ з вечара 15 ліпеня прыносяць кветкі і свечкі.
На просьбу выказаць меркаванне, чаму ўкраінцы нясуць кветкі да амбасады, а грамадзяне Беларусі, якая з'яўляецца бліжэйшым хаўруснікам Расеі, ніяк не адрэагавалі на трагедыю, Марчукоў сказаў: «Не ведаю, нічога не магу сказаць з гэтай нагоды. Звычайна беларусы заўсёды самыя першыя адгукаюцца на такія трагічныя падзеі».
Ён таксама паведаміў, што пасольства не будзе весці кнігу спачуванняў. «Жалоба абвешчаная ў адным з суб'ектаў Расейскай Федэрацыі. У гэтых выпадках кніга не вядзецца», - сказаў дарадца амбасады. Ён не выключыў, што пазней кніга спачуванняў, мажліва, будзе весціся ў Доме Масквы ў Менску.
Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых у выніку сходу трох вагонаў з рэек у маскоўскім метро, найбольшая лікам ахвяр за ўсю гісторыю існавання маскоўскіх аварый у падземцы, узрасла да 22 чалавек. Агульная колькасць загінулых і траўмаваных складае 162 чалавекі. 16 ліпеня ў Маскве абвешчана днём жалобы.
Паводле звестак прэс-сакратара амбасады Беларусі ў Расеі Аляксандра Гардзейчыка, сярод загінулых у аварыі ў маскоўскім метро грамадзян Беларусі няма. «Супрацоўнікі консульства знаходзяцца стала на сувязі з МНС і медыкамі. Некаторыя з пацярпелых, дастаўленыя у лякарні, знаходзяцца без прытомнасці, і ідэнтыфікаваць іх цяпер складана», - сказаў прэс-сакратар.