1 траўня 2024, Серада, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Расея ўвяла пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю

22
Deutsche Welle: Расея ўвяла пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю

Расейскія памежнікі ўжо пяць месяцаў праводзяць пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю.

З чым гэта звязана, і каго закранаюць гэтыя праверкі? Пра гэта распавядае "Нямецкая хваля".

З 1 студзеня 2015 года ўвойдзе ў дзеянне дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Адпаведнае пагадненне было падпісанае кіраўнікамі Беларусі, Расеі і Казахстана 29 траўня ў Астане. Аднак пры гэтым расейская старана ўвяла памежны кантроль на беларуска-расейскіх пунктах прапускання.

Першыя праверкі на мяжы

Упершыню пра пашпартны кантроль на мяжы Расеі і Беларусі загаварылі ў пачатку лютага беларускія чаўнакі, якія ездзяць па тавары на маскоўскія гуртоўні. Упершыню за апошнія 16 гадоў іхныя аўтобусы і самаходы пачалі спыняць на мяжы ўзброеныя людзі ў форме і патрабаваць дакумэнты. Пазней памежнікі з'явіліся і на платформах прымежных расейскіх станцый, дзе спыняюцца прыгарадныя электрацягнікі, якія прыбываюць з Беларусі.

25 сакавіка на сітуацыю вымушаны быў адрэагаваць Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. Прэс-сакратар гэтай установы Аляксандр Цішчанка заявіў, што памежны кантроль на беларуска-расейскай мяжы ніхто не ўстанаўляў, а расейскія памежнікі рэгулярна прыцягваюцца да акцый міграцыйнага кантролю, якія праводзяцца на тэрыторыі Расеі праваахоўнымі структурамі. Гэткія праверкі, падкрэсліў ён, на сваёй мяжы расейцы праводзілі падчас Алімпіяды ў Сочах. Тым не менш і пасля 1 ліпеня пашпартны кантроль захоўваецца.

У пункце прапускання "Рэдзькі-Краснае" на галоўнай магістралі М1 Берасце-Масква стала дзяжурыць група расейскіх памежнікаў з чатырох чалавек. Двое з іх узброеныя стралковай зброяй, у тым ліку аўтаматам Калашнікава. У астатніх - толькі жэзлы. У распараджэнні памежнікаў ёсць вайсковая радыёстанцыя і аўтамабіль падвышанай праходнасці.

На мяжы з Расеяй

Камандзір групы, старшы прапаршчык, які папрасіў не называць ягонае імя, распавёў, што пад кантроль мяжу яны ўзялі напярэдадні Алімпіяды ў Сочы. Але на сённяшні дзень галоўная задача памежнікаў - выяўляць грамадзян Украіны і адпраўляць іх назад. Такія выпадкі сустракаюцца на мяжы нярэдка, кажа ён. І да ўкраінцаў толькі адна прэтэнзія - іх настойліва просяць скарыстацца расейска-ўкраінскімі пунктамі прапускання.

Зрокава адрозніць украінца ад беларуса альбо расейца практычна немагчыма, таму толькі суцэльны пашпартны кантроль дазваляе выявіць украінскіх грамадзян. А ў расейскай базе звестак асоб, якім забаронены ўезд у Расею, - вялікая колькасць грамадзян Украіны. Напрыклад, лідэр "Правага сэктара" Дзмітрый Яраш абвешчаны ў Расеі ў вышук. І калі ён паспрабуе трапіць праз тэрыторыю Беларусі, памежнікі абавязаныя яго затрымаць. Тое ж самае можна сказаць пра ягоных паплечнікаў.

Маскоўскі вайсковы экспэрт Аляксандр Гольц у камэнтары DW адзначыў, што, як паказвае час, Расея і Беларусь толькі фармальна знаходзяцца ў адзінай дзяржаве. Сёння Беларусь прадэманстравала прынцыпова іншы падыход да крызісу на Украіне, чым Масква, таму ўвядзенне пашпартнага кантролю з расейскай стараны "выглядае лагічным". Калі ж казаць пра расейска-ўкраінскі крызіс, працягвае Гольц, то, відавочна, ён будзе смылець доўгія гады, а значыць варта чакаць, што памежны кантроль захаваецца на беларускай мяжы надоўга, і, магчыма, нават ускладніцца.

Беларусам баяцца няма чаго?

Беларусам, сцвярджаюць памежнікі, прынцыпова баяцца няма чаго, галоўнае пры ўездзе ў Расею мець пры сабе пашпарт. У адваротным выпадку расейскія вартавыя маюць права затрымаць парушальніка пашпартнага рэжыму на 48 гадзін для высвятлення асобы. Далей магчымыя два варыянты: альбо ўпусцяць у Расею без праблем, альбо аштрафуюць паводле расейскага заканадаўства. У такіх выпадках памежнікі дзейнічаюць выбаркава.

Ёсць на мяжы і людзі, якія радыя памежным навацыям. Жыхары прымежных вёсак уладкоўваюцца працаваць страхавальнікамі на жвавай трасе, і чым больш на мяжы праблем, тым вышэйшы іхны шанец на гэтым зарабіць. Ні сэкунды, прызнаюцца яны, ніхто з іх не сумняваўся, што мяжа не застанецца без кантролю. Нягледзячы на ўсе інтэграцыйныя дамоўленасці, распавядаюць мясцовыя жыхары, апошнімі гадамі мянялася толькі форма кантралёраў на дарозе, але па-ранейшаму дзесяткі грузавікоў чакаюць чаргі праезду, а колькасць будынкаў мытных складоў часовага захоўвання толькі павялічваецца.

Жыхар Смаленска Сямён, які кантралюе працу страхавальнікаў, мяркуе, што жыхарам прымежных гарадоў, каб ведаць пра падзеі, варта чытаць мясцовую прэсу. Тады, кажа ён, будзе менш выдзіманых сэнсацый. Бо пакуль у Оршы або Віцебску газэты гарлалі аб аб'яднанні ў ЕАЭС, у Смаленску, згадвае ён, яшчэ ў пачатку 2012 года з вялікай помпай паведамлялася аб адкрыцці новага службова-тэхнічнага будынка для апарата памежнай управы ФСБ Смаленскай вобласці. "Калі будуюць новыя будынкі памежнікам, то хто ж прыбярэ мяжу?", - задае лагічнае пытанне Сямён.

Смаленскі памежны аддзел у новай ролі

Смаленская прэса стракаціць паведамленнямі аб новай ролі памежнай управы ФСБ Смаленскай вобласці Расеі, у якую фактычна быў перайменаваны Смаленскі памежны аддзел.

Цяпер памежнікі афіцыйна выконваюць задачу аператыўнай заслоны расейска-беларускага адцінку дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі Смаленскай вобласці, якая ўключае сем прымежных раёнаў з працягласцю зоны абслугоўвання больш за 500 кіламэтраў.

Год таму для гэтых мэт яны закупілі новыя сродкі выяўлення парушальнікаў на суму блізу 100 тысяч еўраў, узброіўшыся прыладамі начнога бачання, дыстанцыйнай прыладай выяўлення рухомых аб'ектаў, факусавальнымі ліхтарамі, а таксама цеплавізарам, якія дазваляюць у варунках усялякай асветленасці на адлегласці больш за кіламэтар выявіць чалавека. Навінкі мясцовым СМІ прэзэнтаваў кіраўнік прэс-службы памежнай управы ФСБ Смаленскай вобласці Алег Бізюкоў. І падкрэсліў, што ўсе сучасныя сродкі выяўлення будуць выкарыстаныя менавіта для пошуку парушальнікаў дзяржаўнай мяжы паміж Расеяй і Беларуссю.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках