20 жнiўня 2018, панядзелак, 22:09
Рубрыкі

Следчыя ўзялі з Юрыя Рубцова падпіску пра невыдаванне

14

5 жніўня актывіст з Гомеля Юры Рубцоў наведаў Савецкі аддзел Следчага Камітэта Менска, дзе быў дапытаны як падазраваны ў рамках крымінальнай справы.

Следчыя паведамілі Рубцову, што крымінальная справа супраць яго распачатая паводле артыкулу 391 "Абраза суддзі або народнага лаўніка". За абразу суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя санкцыя артыкула прадугледжвае розныя тыпы пакарання - штраф, папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, піша ПЦ "Вясна".

З Юрыя Рубцова ўзятая падпіска аб невыдаванні звестак следства. Але зазвычай у такіх справах перш за ўсё праводзіцца лінгвістычная экспэртыза тэксту "абразы", што азначае працяг следчых дзеянняў.

Наступны допыт актывіста адбудзецца праз тыдзень.

Як паведамлялася раней, Юры Рубцоў падаваў заўвагі да пратаколу судовага паседжання, якое вёў суддзя Савецкага раёна Менска Кірыл Палулех, аднак суд не прыняў іх да ўвагі.

Нагадаем, што адміністрацыйны працэс, у выніку якога словы Рубцова былі ўспрынятыя як абраза суддзі, праходзіў пасля акцыі "Чарнобыльскі шлях", 28 красавіка сёлета, у судзе Савецкага раёна Менска. На знак пратэсту супраць прысуджаных 25 дзён арышту актывіст увесь тэрмін адбыцця пакарання трымаў галадоўку, пасля якой быў шпіталізаваны.