Юры Рубцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку пратэсту
26- 22.01.2015, 13:00
- 23,725
Палітвязень патрабуе даць яму працу з «сярэднім» заробкам $600.
Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, які адбывае пакаранне абмежаваннем волі ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна нібыта за абразу менскага суддзі, абвясціў 22 студзеня бестэрміновую галадоўку.
«Я ўжо месяц знаходжуся ў гэтай папраўчай установе з нібыта шчаслівым №7, - кажа Рубцоў, - але гэта «шчасце» нічым не пацвярджаецца: адміністрацыя так і не прапанавала працы з дэклараваным цяпер у краіне сярэднім заробкам у суме 600 даляраў. У эквіваленце, вядома. Таму з гэтага часу я і абвясціў бестэрміновую галадоўку. І галадаць буду, пакуль мне не прапануюць працу са згаданым сярэднім заробкам альбо пакуль душа не пакіне цела. Я маю права ахвяраваць сваім жыццём. Магчымы і такі варыянт - мяне выпусцяць на волю, і я спыняю галадоўку. Улада павінна зразумець, што ў нас не павінна быць палітычных рабоў», - пракаментаваў сваю пастанову Рубцоў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Рубцоў заяўляе, што адначасова з галадоўкай і эканамічным патрабаваннем даць працу з дэклараваным у краіне сярэднім заробкам у эквіваленце 600 даляраў, ён выстаўляе і палітычнае патрабаванне:
«Выдаць штодня гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазіцыі, каб яна магла пазнаёміць грамадзян Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыццё ў краіне. Згодна з беларускай Канстытуцыяй, манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама іх цэнзура, не дапускаецца. Шмат якія беларусы жывуць у палоне стэрэатыпаў, навязаных афіцыйнай прапагандай. У СМІ павінны быць альтэрнатыўныя погляды, крытыка цяперашняй палітыкі Лукашэнкі».
Як мяркуе Рубцоў, людзі павінны праз тэлевізію пачуць, ці сапраўды ў нас годныя заробкі, нізкія кошты, найлепшая мадэль гаспадарання. Або - ці з'яўляецца паўзучае абясцэньванне рубля дабром для краіны? Усяго за пару тыдняў беларусы збяднелі на траціну - і гэта пасля страшэннага абрынання нацыянальнай валюты ў 2011 годзе.
Журналісты пацікавіліся ў Рубцова, чаму ён прынцыпова стаіць на пазіцыі мець працу з заробкам у суме 600 даляраў?
«Хачу пераканацца, што такі заробак ёсць у рэальнасці. Напярэдадні мне прапаноўвалі працу на 4,5 мільёна рублёў. Але ж гэта ж толькі палова ад дэклараванага ўладамі сярэдняга заробку! Да таго ж з мяне будуць вылічваць падаткі на ўтрыманне міліцыі, суддзяў, пракурораў - на жабрацкі заробак я не магу і не хачу падтрымліваць існы рэжым», - заявіў Юры Рубцоў.
У кастрычніку 2014 суддзя Цэнтральнага суду Менску Наталля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова 1,5 гадамі «хіміі» за абразу суддзі Кірылы Палулеха. Той судзіў актывіста вясной - пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях - 2014». Рубцоў быў на шэсці ў футболцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезлі ў суд у адных штанах.
Калі суддзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, са слоў суддзі, назваў яго «падонкам». Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадскі суд адхіліў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага зняволенага.