Сярэдні заробак у Расеі ўпаў з $1000 да $540
24- 28.01.2015, 21:52
- 24,269
Апублікаваныя звесткі аб сярэднім заробку ў Расеі ў снежні 2014 года.
Паводле падлікаў, ён склаў 41 985 рублёў "бруднымі". За вылікам падаходнага падатку – 36 527 рублёў. Паводле тагачаснага сярэдняга курсу даляра гэта крыху менш за $655. Роўна год таму лічба перасягала $1000 "чыстымі", інфармуе "Наша ніва".
Аднак у параўнанні са снежнем сітуацыя ў Расеі істотна змянілася.
Па-першае, курс даляра вырас яшчэ на чвэрць, "з'еўшы" частку заробку. Пры цяперашнім курсе сярэдні расеец можа купіць усяго $537.
Па-другое, снежаньскія заробкі ў Расеі заўсёды звышвысокія. Прэміі і іншыя «трынаццатыя зарплаты» традыцыйна задзіраюць даходы на траціну. Пасля чаго ў студзені адбываецца вяртанне заробкаў на лістападаўскі ўзровень.
Па-трэцяе, палову студзеня Расея не працавала: доўгія вакацыі.
Усе гэтыя фактары разам прывядуць да таго, што сярэдні заробак "чыстымі" ў студзені 2015 годзе складзе блізу $420.