Дэвід Крэмер прапанаваў шэсць спосабаў уціхамірвання Пуціна
20- 2.02.2015, 17:55
- 72,401
Як Захад можа спыніць агрэсію Крамля?
Дэвід Крэмер, старэйшы дырэктар у правах чалавека і дэмакратыі ў Інстытуце Маккейна і былы кіраўнік міжнароднай арганізацыі Freedom House, прапанаваў 6 спосабаў дапамогі Украіне ў супрацьстаянні з Расеяй дэмакратычнымі краінамі, улічваючы тое, што эканамічнымі санкцыямі спыніць Маскву пакуль не ўдалося.
Свае рэкамендацыі палітык выклаў на старонках The Wall Street Journal, паведамляе Inopressa.
"Няма сумненняў у тым, што цяперашнія санкцыі, у спалучэнні са значным зніжэннем коштаў нафты, балюча б'юць па расейскай эканоміцы. Але яны не змянілі разлік Уладзіміра Пуціна ў дачыненні да Украіны, - піша Дэвід Крэмер. - Захад павінен адрэагаваць неадкладна, каб сітуацыя не пагоршылася. Вось 6 рэкамендацый: некаторыя з іх ЗША могуць выканаць самастойна, іншыя - з дапамогай сваіх еўрапейскіх ці іншых саюзнікаў".
Барак Абама, на ягоную думку, павінен выправіць сваю галоўную памылку ў гэтым крызісе - нежаданне аказваць Украіне вайсковую падтрымку. Адмова даць супрацьтанкавыя і супрацьпаветраныя сістэмы абароны і іншыя абарончыя сістэмы пакінула ўкраінцаў на волю лёсу ў самы цяжкі для іх час. Гэта таксама паказала Пуціну, што амерыканцы абмежаваныя ў сваёй падтрымцы Кіева.
"NATO і ЗША павінны апублікаваць больш доказаў аб расейскіх войсках, якія ўжо знаходзяцца ва Украіне ці атакуюць з-за яе межаў. Пакуль неабвержныя доказы не будуць прадстаўлены, расейскія афіцыйныя асобы змогуць і далей адмаўляць прысутнасць войскаў ва Украіне, што дазволіць журналістам у іх бессэнсоўнай пагоні за "балансам" цытаваць расейскія адмаўленні", - піша аўтар.
"Газпром", расейскую энэргетычную кампанію, і яе кіраўніка Аляксея Мілера варта ўнесці ў спіс санкцый. Еўрапейцы яшчэ могуць разважаць, будучы залежнымі ад расейскага газу, але ЗША павінны дзейнічаць, хай нават у аднабаковым парадку. Мінулым летам "Газпром" перакрыў падачу газу ва Украіну - і хоць пазней вентылі адкрылі, іх могуць перакрыць зноў у імгненне вока. Уключэнне "Газпрома" ў санкцыйны спіс пакладзе канец новым угодам з Турцыяй і іншымі краінамі.
"Расею трэба выключыць з глабальнай сістэмы апрацоўкі плацяжоў SWIFT. Гэта нанясе ўдар па яе банкаўскай сістэме і фінансах, - працягвае Крэмер. - Расейскія чыноўнікі на самым высокім узроўні павінны быць унесеныя ў спіс забароны на выдачу віз у заходнія краіны і ў спіс замарожвання актываў. Пачаць трэба з Пуціна, які мае стан у дзясяткі мільярдаў, згодна з дакладам The New York Times у красавіку мінулага года, які спасылаецца на службовых асоб, якія бачылі сакрэтную ацэнку яго маёмасці, праведзеную ЦРУ ў 2007 годзе. З Пуціным варта звяртацца як з ізгоем, якім ён і з'яўляецца.
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў таксама павінен быць уключаны - няма сэнсу ўзаемадзейнічаць з ім, бо нічога з таго, што ён кажа, не з'яўляецца праўдай, і ён не мае ніякага ўплыву на бліжэйшае асяроддзе Пуціна. Міністр абароны Сяргей Шайгу таксама павінен быць уключаны ў спіс, бо большая частка ўзброеных сілаў Расеі ва Украіне знаходзіцца яго камандаваннем".
Заклікі да фінансавага садзейнічання Украіне жыццёва важныя і пра іх не варта забываць. Але нашмат больш актуальнай з'яўляецца неабходнасць дапамагчы Украіне абараніць сябе ад расейскай ваеннай пагрозы і ўварвання. "Уладзімір Пуцін можа весці Расею прамым курсам на эканамічны рыф, але мы павінны дамагчыся таго, каб ён не пацягнуў за сабой Украіну", - рэзюмуе Дэвід Крэмер.
Амерыканскае выданне The New York Times піша, што ЗША могуць пачаць пастаўкі зброі Украіне ўжо гэтай вясной. Да аказанні вайсковай дапамогі Украіне схіляецца галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі ЗША і NАТO ў Еўропе Філіп Брыдлаў, а таксама шматлікія прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта Барака Абамы і Пентагона.