25 красавiка 2024, Чацвер, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андэрс Аслунд: Сітуацыя ў Расеі нагадвае 1990 год у СССР

2
Андэрс Аслунд: Сітуацыя ў Расеі нагадвае 1990 год у СССР

Пуцінскі рэжым бяжыць у коле, нібы вавёрка. Ён яшчэ можа спыніцца, але, відавочна, крамлёўская клептакратыя перацяла ўсе выхады вонкі.

Аб гэтым піша вядомы швэдскі эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі Пэтэрсана Андэрс Аслунд на сайце Peterson Institute (пераклад - «Новое время»). Падаем тэкст артыкула цалкам:

- Удар па расейскай эканоміцы прыйшоўся адразу з трох бакоў - недалужная ўнутраная палітыка, заходнія санкцыі і падзенне кошту нафты. Кожны з гэтых чыннікаў дае негатыўны эфект і ў спалучэнні з двума іншымі толькі пагаршае сітуацыю.

Пуцінская палітыка кумаўскога капіталізму разам з пратэкцыянізмам фактычна знішчыла патэнцыял расейскай эканомікі да росту. Рэфінансаванне замежных пазык РФ - як дзяржаўных, так і прыватных - дзякуючы санкцыям Захаду спынілася яшчэ ў ліпені. Кошт нафты з чэрвеня абрынуўся на 40%, а следам за ім і курс рубля. Магчыма, кошт нафты надоўга затрымаецца на адзнацы $60 за барэль. Некаторыя прадаўцы згодныя прадаваць і за $40 за барэль. Паасобку кожны з гэтых чыннікаў у 2015 годзе скароціць расейскі УБП на 2-3%, а разам яны прычыняцца да падзення на 4-6%.

Мой прагноз для расейскай эканомікі значна больш песімістычны, чым афіцыйная версія, пададзеная міністэрствам эканамічнага развіцця РФ - яны чакаюць падзення УБП толькі на 0,8%.

Сітуацыя нагадвае мне кастрычніка 1990 года, калі кіраўнік Савецкага саюза Міхаіл Гарбачоў змарнаваў свой астатні шанц на правядзенне рэформаў, адмовіўшыся ад 500-дзённай праграмы рэфармавання краіны. Праз дзесяць месяцаў яго зрынулі. Як папярэджваў нябожчык эканаміст Рудыгер Дорнбуш, «фінансавы крызіс зазвычай здараецца пазней, чым чакаюць, але калі ўсё ж здараецца, то развіваецца значна хутчэй, чым хто-небудзь меркаваў».

У Радзе бяспекі РФ няма эканамістаў, як і ў блізкім коле Пуціна. Спецслужбы ўзялі ўсё ў свае рукі, а яны не павераць у крызіс, пакуль не стане занадта позна.

Усім вядома, што агульная замежная запазычанасць Расеі невялікая. Паводле звестак Morgan Stanley, у верасні яна складала $678 млрд - толькі траціну УБП, тады як сам УБП Расеі складаў прыкладна $1,9 трлн на 2008 год, да пачатку дэвальвацыі. Але дэвальвацыя скараціла УБП Расеі ў далярах на 40%, і цяпер замежная запазычанасць РФ вырасла да 55% УБП (з улікам 9% інфляцыі). Далейшае абясцэньванне рубля толькі павялічыць гэтае значэнне.

Але фармальная платаздольнасць нічога не значыць пры адсутнасці ліквіднасці. Цяперашняя Расея мае пільную патрэбу ў грошах. Санкцыі Захаду прычыніліся да імклівага спынення ўсяго міжнароднага фінансавання - гэткае свет перажыў праз паўгода пасля банкруцтва Lehman Brothers у верасні 2008. Нават кітайскія дзяржаўныя банкі не рызыкуюць даваць крэдыты расейскім прадпрыемствам праз боязь рэакцыі ўсёмагутных амэрыканскіх фінансавых рэгулятараў.

Усім доўга здавалася, што рэзэрвы Расеі больш чым дастатковыя. 28 лістапада 2014 года яны складалі $420,5 млрд. Але больш як палова гэтых рэзэрваў мае вельмі сумнеўную ліквіднасць. Як я ўжо казаў неаднаразова, трэба адняць $45 млрд золата і $172 млрд з Рэзэрвовага фонду і Фонду нацыянальнага дабрабыту. Гэтыя два фонды кіруюцца міністэрствам фінансаў, чые актывы не толькі не з'яўляюцца ліквідным, але нават не кантралююцца расейскім Цэнтрабанкам, які толькі атрымлівае справаздачы ад міністэрства.

Напраўду міжнародныя рэзэрвы Расеі абмяжоўваюцца $203 млрд, што гучыць не надта ўражальна ў святле звестак міністэрства эканамічнага развіцця пра тое, што адток капіталу ў 2014 годзе склаў блізу $125 млрд. Цэнтральны банк Расеі ацэньвае, што на абслугоўванне расейскіх дзяржаўных абавязанняў у 2015 годзе пойдзе $100 млрд.

Але адток капіталу будзе значна большы. Дзяржаўныя прадпрыемствы не здолеюць атрымаць рэфінансаванне, і ім давядзецца выплаціць усе пазыкі ў тэрмін. Прыватныя карпарацыі зацікаўленыя не толькі ў тым, каб заплаціць своечасова, але і ў папярэдняй аплаце, бо рубель можа абясцэніцца яшчэ больш. Расейскім багатырам будзе больш выгадна перавесці свае капіталы ў больш надзейныя краіны. Шмат якія заможныя расейцы пакідаюць краіну дзеля пагаршэння палітычнай і эканамічнай сітуацыі. Калі адток капіталу дасягне пагражальных маштабаў, увядзенне валютнага кантролю будзе неўнікнёным - і гэта толькі падштурхне далейшыя ўцёкі капіталу. Некаторыя расейскія банкі ўжо ўстанавілі даволі ліберальныя ліміты на зняцце валюты. Неўзабаве варта чакаць іх хуткага абмежавання.

Шмат хто спрабуе давесці, што катастрофы не будзе. JP Morgan адзначае, што расейскія банкі маюць блізу $292 млрд у замежных актывах. Але вялікая частка гэтых сродкаў, мусібыць, належыць дзяржаўным фондам. Ні адзін камерцыйны банк не расстанецца самахоць з цвёрдай валютай падчас фінансавай панікі, падобнай да цяперашняй. Пытанне больш у тым, калі пачнуцца ўцёкі банкаў і валюты.

Да нядаўняга часу шмат якія заходнія і расейскія аналітыкі меркавалі, што санкцыі будуць скасаваныя ў наступным ліпені, але, як адзначылі мае калегі з Peterson Institute Гэры Хафбаўэр і Джэфры Скот, санкцыі - вельмі інэртная матэрыя. Іх не скасуюць, пакуль мэта ўвядзення санкцый не будзе дасягнутая. Захад не скасуе санкцыі, пакуль РФ не выведзе свае войскі з Украіны.

У Расеі няма праблем ні з бюджэтам, ні з дзяржаўнай завінавачанасцю, ні з рэзэрвамі. Усё выглядае надзейна. І ўсё ж эканоміка краіны ўжо пачынае каціцца пад адхон. Цэнтральнаму банку давядзецца ўзняць уліковыя стаўкі, каб кампенсаваць інфляцыю. Падзенне кошту нафту на 40% азначае, што экспарт РФ скароціцца на 20% ($100 млрд), што прычыніцца да памяншэння інвестыцый, спажывання і УБП.

Размеркаванне рэсурсаў стане значна больш адчувальнай тэмай. З 1999 да 2008 года рэальны даход Расеі вырас у дзесяць разоў, але з 2009 года УБП штогод павялічваўся толькі на 1%. Да 2010 года прыярытэтам Крамля былі пенсіі, але цяпер фокус зрушыўся на вайсковую сфэру, а ахова здароўя і адукацыя атрымліваюць яшчэ менш сродкаў, чым раней, як неаднаразова адзначаў адзін з лідэраў апазіцыі Барыс Нямцоў.

Цяпер скарачэнні выдаткаў становяцца ўсё больш адчувальныя. У Маскве нават прайшлі два пратэсты - работнікаў аховы здароўя і настаўнікаў. Акрамя таго, Крэмль выкарыстаў старую штуку - дэлегаваць выдаткі рэгіёнам, у той час як даходы застаюцца цэнтралізаванымі. Большая частка рэгіёнаў знаходзіцца ў няпростым фінансавым становішчы і вымушана скарачаць настаўнікаў ды медыкаў. Наўрад гэта парадуе жыхароў правінцыі.

Але хіба гэтыя праблемы не настолькі відавочныя, што рана ці позна Пуціну давядзецца змяніць сваю палітыку? Сумняваюся. За час ягонага кіравання ліберальныя эканамісты не раз папярэджвалі расейскага прэзідэнта. Спачатку ён прыслухоўваўся да іх, але пасля 2003 спыніў гэта рабіць, і аж да 2008 года УБП працягваў рост. Пуцін уважае за лепшае спісваць усе праблемы Расеі на злосны і агрэсіўны Захад. З моманту сыходу Аляксея Кудрына з пасады міністра фінансаў у верасні 2011 ніводзін ліберальны эканаміст не дапускаўся да прэзідэнта досыць блізка.

У Радзе бяспекі РФ няма эканамістаў, як і ў блізкім коле Пуціна. Спецслужбы ўзялі ўсё ў свае рукі, а яны не павераць у крызіс, пакуль не стане занадта позна. Ужо позна.

Пуцінскі рэжым бяжыць у коле, нібы вавёрка. Ён яшчэ можа спыніцца, але, здаецца, крамлёўская клептакратыя перацяла ўсе выхады вонкі. Найбольш імаверны сцэнар - кіраўніцтва будзе бяздзейнічаць, пакуль расейская эканоміка не абрынецца, а следам за ёй - і рэжым. Калі б нябожчык прэм'ер Ягор Гайдар быў усё яшчэ жывы, ён убачыў бы, як спраўджваецца ягоны прагноз аб паўтарэнні раскідання СССР у кнізе «Згуба Імпэрыі» - і ўсё праз тое, што да ягоных папярэджанняў не прыслухаліся.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках